Пантыфік: наша беднасць дапамагае прысвяціць сэрца братам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
5 снежня 2024 года Пантыфік прыняў у Ватыкане манахінь з Ордэна Святога Духа і іншых супольнасцей, звязаных з харызматам благаслаўлёнага Гвідона з Манпелье – французскага законніка, які прысвяціў сваё жыццё клопату пра бедных, хворых і дзяцей.
На аўдыенцыі прысутнічала таксама кіраўніцтва рымскага шпіталя Санта-Спірыта-ін-Сасія – медыцынскай установы, кіраванне якой у 1201 годзе Папа Інакенцій III даручыў благаслаўлёнаму Гвідону і яго паплечнікам, жадаючы, каб яна асаблівым чынам служыла бедным.
Францішак падкрэсліў, што гэтая ініцыятыва адпавядала рэформе манаскага жыцця, якую праводзіў Інакенцій III і якая пазней прывяла да з’яўлення новых жабрачых ордэнаў.
Святы Айцец заўважыў, што законніцы складаюць абяцанне беднасці, якое заключаецца ў тым, каб “жыць, не маючы нічога ўласнага”. Ён падкрэсліў, што сэнс гэтага абяцання не толькі ў адмаўленні ад матэрыяльных выгод, але ў жыцці ў еднасці, дзелячыся ўсім з беднымі. Папа нагадаў, што першыя законнікі, вызнаючы тры евангельскія рады, казалі пра беднасць як адзінства, наследуючы прыклад ранняга Касцёла, у якім “усе вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае” (Дз 2,44).
Францішак падкрэсліў, што жыццё ў братэрстве выходзіць далёка за межы сумеснага выкарыстання памяшканняў, выканання абавязкаў і служэння. Яно заключаецца ў поўным дары сябе Богу ў служэнні братам. Пантыфік адзначыў, што гэта патрабуе глыбокай унутранай свабоды і з’яўляецца “эсхаталагічным знакам” – знакам падарожжа да нябеснага дома, да якога нас кліча Бог.
Папа падкрэсліў, што на гэтым падарожжы да Бога, натхнёныя Святым Духам, “мы становімся паслядоўнікамі Хрыста Адкупіцеля”. “І калі мы гаворым пра Езуса, давайце не забываць, што Ён прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а для таго, каб служыць. Гэта наш узор. Нашая святасць залежыць ад таго, наколькі мы зможам зрабіць сябе малымі і слугамі ўсіх”, - адзначыў Пантыфік.