Пантыфік: хай запануе спакой ва ўсім свеце!
Марыя Валодзіна - Vatican News
7 снежня 2024 года з нагоды ўрачыстага адкрыцця калядных ясляў і ёлкі, усталяваных у цэнтры Плошчы Святога Пятра, Францішак па традыцыі сустрэўся з дабрачынцамі, якія ахвяравалі Ватыкану гэтыя святочныя сімвалы. На аўдыенцыі прысутнічалі дэлегацыі італьянскіх гарадоў Града, адкуль прыбылі яслі, і Ледра, адкуль паходзіць велічная ёлка вышынёй 29 метраў, а таксама прадстаўнікі Пасольства Дзяржавы Палесціна пры Святым Пасадзе, якое ад імя горада Бэтлеем упрыгожыла залу яслямі, створанымі мясцовымі майстрамі.
Папа сардэчна прывітаў прадстаўнікоў грамадзянскіх і касцёльных уладаў, сярод якіх былі надзвычайныя прадстаўнікі Прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса, старшыня рэгіянальнага савета італьянскага рэгіёна Фрыулі-Венецыя-Джулія, глава правінцыі Трэнта, арцыбіскуп Гарыцыі, мэры Града і Ледра.
У сваёй прамове Папа падкрэсліў, што ёлка, высечаная з захаваннем экалагічнага прынцыпу натуральнага аднаўлення лесу, нясе ў сабе сляды многіх гадоў – “шматлікія кольцы магутнага ствала, у якім старыя далі жыццё маладым, а маладыя абгарнулі і абаранілі старых”. Гэтым яна нагадвае Касцёл, у якім старыя пакаленні вернікаў перадаюць духоўную эстафету маладым.
Яслі з Града размешчаны ў традыцыйным казоне – рыбацкай хаціне з чароту і гліны, якія будавалі жыхары лагуны на поўначы Італіі. На думку Святога Айца, гэтыя яслі добра сімвалізуюць Божае Нараджэнне, калі Бог уцелавіўся, каб “цалкам спазнаць нашу беднасць, прыйшоў будаваць сваё Валадарства на зямлі не магутнымі сродкамі, а з дапамогай слабых чалавечых рэсурсаў, ачышчаных і ўзмоцненых Яго ласкай”.
Гаворачы пра яслі, Папа падкрэсліў яшчэ адзін сімвал: каб патрапіць у казоне, трэба мець пласкадонную лодку – батэлу, якая дазваляе рухацца на мелкаводдзі. “Каб дасягнуць Езуса, таксама трэба мець лодку – Касцёл. Да Яго нельга дабрацца аднаму, толькі разам, у супольнасці, на тым малым-вялікім чоўне, якім працягвае кіраваць Пётр і на борце якога, калі крыху паціснуцца, заўсёды знойдзецца месца для ўсіх”, - сказаў Францішак.
Звяртаючы ўвагу на яслі з Бэтлеему, Папа адзначыў, што яны нясуць у сабе пасланне міру і Божай любові. Перад гэтымі яслямі “мы ўспамінаем братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад жаху вайны ў Святой Зямлі і ў іншых частках свету. Са слязьмі на вачах мы ўзносім нашу малітву за мір. Досыць войнаў, досыць гвалту! Ці ведаеце вы, што адна з інвестыцый, якая прыносіць найбольшы прыбытак - гэта зброевая вытворчасць? Зарабляць, каб забіваць... Навошта? Хопіць войнаў! Хай запануе спакой ва ўсім свеце і сярод усіх людзей, якіх любіць Бог (пар. Лк 2, 14)!” - заклікаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Францішак падзякаваў гасцям за іх каштоўныя дары і благаславіў іх сем'і і супольнасці.