Францішак: клапаціцца пра бедных у духу радаснага служэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што Юбілейны год дазволіць усім вернікам перажыць сапраўдную і асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом, “якога мы павінны абвяшчаць заўсёды, усюды і ўсім як нашу надзею”. Ён пажадаў, каб падтрымка місіянерскіх і дабрачынных ініцыятыў паўсюднага Касцёла, якую аказваюць в’етнамскія дабрачынцы з ЗША, дапамагла “прынесці надзею, народжаную з Евангелля, многім нашым братам і сёстрам у розных кутках свету”.
“Яшчэ з апостальскіх часоў члены Цела Хрыстовага падтрымлівалі адзін аднаго сваімі дабротамі. Ваша салідарнасць з беднымі і тымі, хто жыве на ўскраіне грамадства, адказвае на заклік Пана клапаціцца пра апошніх сярод нас; і, як нагадвае нам святы Павел, важна, каб гэтая дапамога давалася з радасным сэрцам. Няхай Пан дазволіць вам заўсёды даваць вашу міласціну з радасным духам, і няхай вашы ахвяраванні прынясуць плён у жыцці братоў і сясцёр, якія змогуць такім чынам адчуць пяшчотную і спагадлівую любоў Хрыста”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што “адметнай рысай многіх каталікоў, якія эмігравалі з В’етнама ў Злучаныя Штаты, з’яўляецца моцная вера, якую яны прынеслі з сабой”. “Я ўпэўнены, што яна будзе натхняць ваша жаданне дапамагаць хрысціянскім супольнасцям у землях, далёкіх ад вашай”, - дадаў ён.
Францішак пажадаў сваім гасцям плённага наведвання Рыма, які амаль два тысячагоддзі прымае вернікаў, што прыходзяць да магіл апосталаў і іншых святых месцаў. “Няхай гэтае падарожжа абновіць вас у веры і ўмацуе ў любові. Ад усяго сэрца благаслаўляю вас і вашыя сем’і і прашу вас, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне”, - завяршыў сваё прывітанне Папа.