Пошук

Пантыфік на Іспанскай плошчы: дзякуй за Езуса, Марыя!

Аб духоўным адраджэнні, прабачэнні і сацыяльным вызваленні ў час Святога года прасіў Францішак падчас малітвы да Маці Божай, якая 8 снежня 2024 года прайшла на Іспанскай плошчы Рыма.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Папа здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме, дзе правёў марыйную малітву. Перад гэтым ён наведаў рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе маліўся перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani.

“Беззаганная Панна, сёння Тваё свята, і мы абдымаем Цябе. Кветкі, якія мы ахвяруем Цябе, сведчаць пра нашу любоў і ўдзячнасць, але Ты бачыш і больш за ўсё любіш схаваныя кветкі: малітвы, уздыхі, слёзы, асабліва малых і бедных”, - пачаў малітву Святы Айцец.

Папа згадаў пра тое, што Рым рыхтуецца да Юбілею. “Гэта будзе пасланне надзеі для чалавецтва, змучанага крызісамі і войнамі. Таму ў горадзе паўсюль вядуцца работы, гэта, вядома, выклікае нямала нязручнасцяў, і ўсё ж гэта прыкмета таго, што Рым жывы, ён абнаўляецца, спрабуе адаптавацца да патрэб, каб быць утульней і функцыянальней”, - дадаў Папа.

Францішак запэўніў Багародзіцу, што чуе яе голас, які заклікае не забывацца аб душы. “Сапраўдны Юбілей не звонку, а ўнутры: унутры вашых сэрцаў, унутры сямейных і сацыяльных адносін. Трэба весці ўнутраную працу, каб падрыхтаваць шлях да Пана, які прыйдзе", - сказаў ён, дзякуючы Беззаганнай Марыі за напамін аб тым, што Святы год – гэта перш за ўсё час духоўнага адраджэння, прабачэння і сацыяльнага вызвалення.

“Ты, напэўна, была ў сінагозе Назарэта, калі Езус упершыню прапаведаваў сваім землякам. У кнізе прарока Ісаі Ён прачытаў: "Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана” (Лк 4, 18-19). Затым ён сеў і сказаў: "Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі" (Лк 4, 21). Ты была там, сярод здзіўленых людзей. Ты ганарылася Ім, сваім Сынам, і ў той жа час прадчувала драму адчужэння і зайздрасці, якая спараджае насілле. Ты перажыла гэтую драму, і праходзіш праз яе зноў і зноў у сваім Беззаганным сэрцы, у любові сэрца Хрыстова”, - сказаў Папа.

“І нават сёння, о Марыя, ты паўтараеш нам: "Слухайце Яго! Слухайце Яго і рабіце тое, што Ён вам кажа" (пар. Ян 2, 5). Дзякуй, Святая Маці! Дзякуй, таму што яшчэ раз, у гэты час, бедны надзеяй, Ты дорыш нам Езуса, нашу надзею!” - завяршыў малітву Пантыфік.

08 снежня 2024, 16:27