Папа семінарыстам: будзьце сведкамі радасці Евангелля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
12 снежня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю іспанскай Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя Святога апостала Якуба. У гэтай навучальнай установе рыхтуюцца да святарства маладыя людзі з Сант’яга-дэ-Кампастэльскай архідыяцэзіі, а таксама Туй-Вігаскай і Манданьера-Фэрольскай дыяцэзій.
“Як пілігрымы, мы адчуваем пакліканне, якое падштурхоўвае нас выйсці за межы саміх сябе, каб пачаць падарожжа, што складаецца з розных этапаў і прыводзіць да мэты. Тое самае адбываецца падчас падрыхтоўкі да святарства, дзе мэта – стаць пастырамі Божага народа, пастырамі з сэрцам, падобным да Хрыстовага, пакорным і міласэрным”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец запэўніў семінарыстаў у тым, што яны не самотныя на сваім шляху: “Не бойцеся адкрыць сэрца Пану і дазвольце Яму весці вас і фармаваць вашу душу”, - заахвоціў ён.
“Не забывайце таксама, што на шляху вам сустрэнуцца шмат розных людзей, некаторыя з якіх могуць перажываць цяжкія моманты, быць параненымі ці не ведаць Бога. Будзьце для ўсіх іх сведкамі радасці Евангелля, прапануючы ім пяшчоту і суцяшэнне Пана”, - параіў Францішак.
Папа заклікаў семінарыстаў станавіцца людзьмі, якія, падобна святому Яну Хрысціцелю, указваюць на Езуса і кажуць усім словамі, а ў першую чаргу сваім ладам жыцця: “Вось Баранак Божы” (Ян 1,29). “Дарагія браты, набліжаецца Святы 2025 год. З юбілейнай ласкай, якая дорыцца нам, давайце працягваць ісці разам, як пілігрымы надзеі, да нябеснай Айчыны”, - завяршыў свой прывітальны зварот Святы Айцец.