Пошук

Святы Айцец: салідарнасць з беднымі – знак надзеі

7 снежня 2024 года Папа Францішак сустрэўся з арганізатарамі і ўдзельнікамі дабрачыннага “Канцэрта з беднымі”, які адбудзецца ўвечары ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У сваёй прамове Пантыфік назваў музычнае мерапрыемства “цудоўнай прыпавесцю пра сінадальную гармонію”, якую Касцёл імкнецца ўвасобіць у сваім жыцці.

Святы Айцец выказаў удзячнасць сусветна вядомым музыкантам, якія вырашылі прыняць удзел у мерапрыемстве, уключаючы кампазітара Ханса Цымера, віяланчэлістку Ціну Гуо, кампазітара і святара Марка Фрызіну, дырыжора Дарыё Вэры, а таксама хор Рымскай дыяцэзіі і Nova Opera Orchestra.

“Кожны інструмент і голас у аркестры мае сваю ролю, але ўсе яны павінны гарманіраваць паміж сабой, каб ствараць прыгажосць музыкі,” - сказаў Папа, адзначыўшы, што гармонія магчымая толькі пры ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве. Ён падкрэсліў, што ў кампазіцыі не менш важнымі за ноты з’яўляюцца паўзы, інтэрвалы і дысанансы, якія вучаць нас, што для гармоніі патрэбны кожны чалавек.

“Бог не стварае нічога непатрэбнага. Кожны пакліканы выказваць сябе і спрыяць агульнай гармоніі,” - дадаў Францішак.

Пантыфік таксама адзначыў важнасць удзелу музыкантаў у мерапрыемстве разам з беднымі і ўразлівымі людзьмі, якія штодня сутыкаюцца з цяжкасцямі. “Ваш выбар становіцца знакам надзеі. Гэта таксама мэта бліжэйшага Юбілею – ствараць знакі надзеі, чэрпаючы натхненне з любові, якая сыходзіць ад Сэрца Езуса,” - падкрэсліў Папа.

Канцэрт, на думку Святога Айца, з’яўляецца сімвалам братэрства, бо бедныя выступаюць не толькі як гледачы, але і як дзеючыя асобы. “Прыгажосць – гэта дар Бога для ўсіх людзей, якія аб’яднаныя аднолькавай годнасцю і пакліканнем да братэрства”, - адзначыў ён, выказваючы пажаданне сваім гасцям, каб агонь надзеі заўсёды гарэў у іх сэрцах.

 

07 снежня 2024, 10:20