Пантыфік: свет, поўны надзеі і добразычлівасці – прыгажэйшы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак адзначыў, што надзея і добразычлівасць датычаць сутнасці Евангелля і ўказваюць шлях, якім варта ісці, бо “свет, які поўны надзеі і добразычлівасці – прыгажэйшы”. “Грамадства, якое з даверам глядзіць у будучыню і ставіцца да людзей з павагай і эмпатыяй – больш гуманнае”, - дадаў ён.
Папа нагадаў, што 24 снежня 2024 года пачаўся Юбілейны год, “на працягу якога мы пакліканы стаць пілігрымамі надзеі”. “Нават калі мы не ведаем, што нас чакае заўтра, нам не варта глядзець у будучыню з песімізмам і роспаччу. Войны, сацыяльная несправядлівасць, шматлікія формы гвалту, з якімі мы сутыкаемся штодня, не павінны ўцягваць нас у спакусу скептыцызму і адчаю”, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заахвоціў выбіраць любоў, якая робіць сэрцы гарачымі і напаўняе даверам. “Чалавек, які любіць, нават калі знаходзіцца ў няпэўным становішчы, заўсёды глядзіць на свет добразычлівым позіркам надзеі”, - адзначыў ён.
Папа нагадаў, што “добразычлівасць – гэта не дыпламатычная стратэгія, не фармальныя паводзіны, якім трэба следаваць, каб гарантаваць сацыяльную гармонію ці атрымаць іншыя перавагі. Добразычлівасць – гэта форма любові, якая адкрывае сэрцы на прыняцце і дапамагае ўсім стаць больш пакорнымі”, - заўважыў Францішак.
“Наколькі важная пакора! Пакора спрыяе дыялогу, дапамагае пераадолець непаразуменні і спараджае ўдзячнасць”, - сказаў ён, нагадваючы словы Гілберта Кіта Чэстэртана, які напрыканцы сваёй аўтабіяграфіі мудра заклікаў прымаць жыццё з удзячнасцю.
Напрыканцы свайго звароту Папа пажадаў радыёслухачам BBC надзеі, якая з’яўляецца боскай цнотай, разам з верай і любоўю. “Я спадзяюся, што падчас гэтага Юбілею мы зможам практыкаваць добразычлівасць як форму любові ў нашых адносінах з іншымі. Няхай новы год прынясе нам мір, братэрства і ўдзячнасць”, - пажадаў Святы Айцец.