Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік запэўніў вязняў у сваёй чалавечай і духоўнай блізкасці

Давайце ўсе прымем Езуса, які нараджаецца і напаўняе нашы сэрцы даверам і надзеяй, - заклікаў Папа ў пасланні, скіраваным з нагоды святой Імшы, якая прайшла ўвечары 19 снежня 2024 года ў фларэнтыйскай турме Салечыяна.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Фларэнцыі Герарда Гамбэлі. Прыняць удзел у ёй быў запрошаны таксама 96-гадовы албанскі кардынал Эрнэст Сымані, які правёў 28 гадоў свайго жыцця ў вязніцы і на прымусовых працах у часы камуністычнай дыктатуры на сваёй радзіме. Даведаўшыся пра ініцыятыву, Святы Айцец вырашыў скіраваць да ўдзельнікаў эўхарыстычнай сустрэчы сваё кароткае прывітанне.

“Прагну абняць усіх вязняў, якіх запэўніваю ў маёй чалавечай і духоўнай блізкасці. Заклікаю заўсёды давяраць Богу, добраму і міласэрнаму Айцу. Давайце ўсе прымем Езуса, які нараджаецца і напаўняе нашы сэрцы даверам і надзеяй”, - напісаў Францішак, выказваючы пажаданне святога Божага Нараджэння і спакойнага Новага года ўсім вязням, членам іх сем’яў і супрацоўнікам турмы. “Абдымаю ўсіх і прашу, калі ласка, маліцеся за мяне”, - дадаў Папа.

У гаміліі падчас святой Імшы арцыбіскуп Гамбэлі нагадаў, што “нараджэнне Езуса адбылося ў цяжкай сітуацыі прыгнёту і беднасці, але ўцелаўлёны Бог прынёс святло ў гісторыю ўсіх нас”. “Наша надзея грунтуецца на тым, што Пан ніколі нас не пакідае, нават нягледзячы на нашы памылкі і мізэрнасць, калі мы гатовыя змяніцца і прыняць Яго”, - дадаў іерарх, які да таго як стаў арцыбіскуп Фларэнцыі, шмат гадоў быў капеланам турмы Салечыяна.
 

20 снежня 2024, 10:23