Папа: адмаўленне ад ужывання зброі і дыялог – правільны шлях
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я вітаю спыненне агню, дасягнутае ў апошнія дні ў Ліване, і спадзяюся, што яно будзе выконвацца ўсімі бакамі, што дазволіць насельніцтву закранутых канфліктам рэгіёнаў – як ліванскаму, так і ізраільскаму – бяспечна і хутка вярнуцца дадому, у тым ліку пры бясцэннай дапамозе ліванскай арміі і міратворчых сіл ААН”, - сказаў Папа.
“У гэтай сітуацыі я звяртаюся да ўсіх ліванскіх палітыкаў з настойлівым заклікам неадкладна абраць прэзідэнта рэспублікі і вярнуць інстытуты да нармальнага функцыянавання, каб распачаць неабходныя рэформы і забяспечыць краіне ролю прыкладу мірнага суіснавання паміж рознымі рэлігіямі. Я спадзяюся, што пробліск святла, які адкрыўся, прывядзе да спынення агню на ўсіх іншых франтах, асабліва ў Газе. Я вельмі спадзяюся на вызваленне ізраільцян, якіх усё яшчэ трымаюць у заложніках, і на доступ гуманітарнай дапамогі да змучанага палесцінскага насельніцтва. І давайце будзем маліцца за Сірыю, дзе, на жаль, зноў успыхнула вайна, якая прывяла да шматлікіх ахвяр. Я вельмі блізкі да Касцёла ў Сірыі”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак таксама нагадаў пра нядаўняе святкавання 40-й гадавіны Дагавора аб міры і сяброўстве паміж Аргенцінай і Чылі. “Пры пасрэдніцтве Апостальскай Сталіцы ён паклаў канец тэрытарыяльнай спрэчцы, якая паставіла Аргенціну і Чылі на мяжу вайны. Гэта паказвае, што калі чалавек адмаўляецца ад ужывання зброі і ўступае ў дыялог, ён ідзе па правільным шляху”, - заключыў Святы Айцец.