Папа: Касцёл мае патрэбу ў моладзі, каб абвяшчаць Божую любоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Папа Францішак шле вам свае цёплыя прывітанні, а таксама братам Супольнасці, кіраўнікам розных хрысціянскіх канфесій Эстоніі і ўсім людзям добрай волі, якія прымаюць вас напрыканцы гэтага года,” - напісаў ад імя Пантыфіка кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.
“Збірацца разам у духу адзінства і братэрства – гэта асабліва важна ў сённяшніх умовах, калі свет сутыкаецца з сур’ёзнымі выпрабаваннямі. Многія краіны ахоплены гвалтам і вайной. Шмат людзей пакутуюць ад бесчалавечнага абыходжання. Іншыя дэзарыентаваныя няроўнасцю ў нашых грамадствах і сур’ёзнымі экалагічнымі пагрозамі”, - адзначыў іерарх.
Кардынал Паралін нагадаў, што прыёр Супольнасці Тэзэ, брат Мэцью, у сваім пасланні заклікаў моладзь “спадзявацца насуперак надзеі”. “Гэты заклік сугучны тэме Юбілею, які будзе адзначацца ў 2025 годзе, і накіраваны кожнаму з вас: “Крочце ў надзеі! Надзея перамагае стомленасць, крызісы і трывогу. Яна дае нам моцную матывацыю рухацца наперад, бо з’яўляецца дарам ад самога Бога: Ён напаўняе наш час сэнсам, асвятляе шлях і паказвае мэту жыцця”, - падкрэсліў найбліжэйшы супрацоўнік Папы.
“Дарагая моладзь, Святы Айцец разлічвае на вас і пацвярджае давер, які Касцёл выказвае вам. Паўсюдны Касцёл мае патрэбу ў вас, каб сёння абвяшчаць Добрую навіну пра Божую любоў. Гэта таксама сэнс сінадальнага шляху, распачатага Каталіцкім Касцёлам, які ўжо прывёў да значнага прагрэсу ў экуменічным сяброўстве з нашымі братамі і сёстрамі розных хрысціянскіх канфесій”, - дадаў кардынал Паралін, запэўніваючы ўдзельнікаў сустрэчы ў благаслаўленні і малітве Святога Айца.