Пошук

Інтэрв'ю Францішка тэлеканалу Orbe 21 Інтэрв'ю Францішка тэлеканалу Orbe 21 

Папа: крывадушна – казаць пра мір і ўзбройваць вайну

Францішак даў інтэрв'ю аргенцінскаму тэлеканалу Orbe 21, у якім выказаў занепакоенасць тэндэнцыяй чалавецтва да самазнішчэння. "Мяне турбуе тое, што заклікі да міру ў адно вуха ўлятаюць і ў другое вылятаюць", - сказаў ён.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Праз некалькі дзён пасля завяршэння кастрычніцкага Сінода Біскупаў Францішак даў 45-хвіліннае інтэрв'ю тэлеканалу Orbe 21, які некалі заснаваў у архідыяцэзіі Буэнас-Айрэса. Інтэрв’ю, якое ўзяла журналістка Марыя Бернарда Ларэнте, выйшла ў эфір 20 снежня 2024 года.

Пантыфік асудзіў крывадушнасць тых, хто заяўляе пра неабходнасць міру, але пры гэтым працягвае фінансаваць і падтрымліваць вытворчасць зброі. "Гаворым пра мір, але ўзбройваем вайну", - сказаў ён, падкрэсліваючы, што Еўропа атрымлівае значныя прыбыткі ад інвестыцый у вытворчасць зброі. “Мы арганізуем канферэнцыі і мірныя сустрэчы, але працягваем вырабляць зброю для забойства", - асудзіў ён.

Вайна ва Украіне

Асобную ўвагу Папа надаў вайне ва Украіне, асудзіўшы "вялікую крывадушнасць", калі 20-гадовыя хлопцы накіроўваюцца на фронт, каб супрацьстаяць велізарнай ваеннай моцы. Ён заклікаў да мірнага пагаднення. Калі гаворка заходзіць пра перамовы, “пачынаюць танцаваць менуэт з другараднымі рэчамі", - адзначыў Святы Айцец.

Міжнародны дыялог

Францішку невядома, "якія канкрэтныя механізмы церпяць няўдачу", але "вядома, не хапае асабістай этыкі. Сустрэчы, якія праводзяцца для дасягнення міру, - гэта сустрэчы інтарэсаў". Ён заахвоціў ЕС зрабіць усё магчымае для дыялогу. "Калі няма дыялогу, не будзе міру", - заўважыў Папа.

Небяспека адмаўлення праўды

Францішак адзначыў, што адмаўленне праўды і распальванне нянавісці не спрыяюць дыялогу. “Адмаўленне праўды заўсёды атрутнае і самазабойніцкае. Толькі рэчаіснасць дапаможа знайсці выхад з канфліктаў”, - сцвердзіў ён.

Не рэлігіі, якая нагадвае палітыку

Не менш небяспечным Папа лічыць пераўтварэнне рэлігіі ў нешта падобнае да дзяржаўнай палітыкі. Ён адзначыў, што ў краінах Паўднёвага паўшар'я, якія ён наведаў у верасні 2024 года, такой з'явы не назіраецца. Там, па словах Францішка, пераважаюць павага і дыялог, няма рэлігійнага пераследавання. “Гэтыя краіны з'яўляюцца прыкладам мірнага суіснавання", - падкрэсліў ён.

Здольнасць прасіць прабачэння

Святы Айцец прыгадаў падарожжа ў Канаду ў 2022 годзе, падчас якога ён прасіў прабачэння ў карэнных народаў за злоўжыванні і прыгнёт, якія яны зведалі ў мінулым з боку прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла. "Калі бачыш памылку, трэба весці дыялог і прасіць прабачэння – гэта заўсёды добры крок да міру", - сказаў ён.

Сінод і ўменне слухаць

Для Касцёла важна не толькі быць здольным прасіць прабачэння, але і ўмець слухаць. Менавіта для развіцця здольнасці слухаць быў скліканы Сінод Біскупаў па сінадальнасці, які "ахоплівае праблемы сучаснага чалавецтва і Касцёла, імкнецца вырашыць іх з дапамогай дыялогу". Францішак згадаў сустрэчу з удзельніцамі Сінода. Каля сотні жанчын "смела выказвалі свае ідэі, што было б нечуваным сорак гадоў таму".

Касцёл для ўсіх

Папа патлумачыў сваю пазіцыю наконт Касцёла для ўсіх: “Няхай увойдуць усе, а потым будзем разбірацца, весці дыялог, а калі нехта прыйшоў з дрэннымі намерамі ці паводзінамі, тады яго можна будзе аддаліць". "Многія кажуць, што Касцёл павінен асуджаць тое ці іншае. Так, ён асуджае амаральныя ўчынкі людзей, але прымае саміх людзей, каб дапамагчы ім развівацца. Ніхто ў Касцёле не з'яўляецца святым, мы ўсе грэшнікі, і Касцёл дапамагае нам выправіць нашы недахопы", - дадаў Пантыфік.

Ідэалагічны ўплыў

Францішак падкрэсліў, што сапраўдным злом у Касцёле з'яўляюцца "дагматызм" і "ідэалогіі". Ён прывёў прыклад са свайго дзяцінства, калі нельга было наведваць дамы разведзеных людзей, бо лічылася, што яны жывуць "у смяротным граху". "Гэта быў дагматызм", – сказаў Папа, дадаючы: "Мы павінны навучыцца не заблытвацца ў канфліктах і выходзіць з лабірынту, узняўшыся над ім".

Праблемы сістэмы адукацыі

Папа раскрытыкаваў палітыку жорсткай эканоміі ў сферы адукацыі і культуры, якая назіраецца ў некаторых краінах. "Праводзіць палітыку жорсткай эканоміі ў адукацыі – гэта запланаванае самагубства краіны. Нельга эканоміць на адукацыйным развіцці краіны, гэта злачынства", - заявіў ён, падкрэсліўшы, што адукацыя павінна быць даступнай усім, а не толькі багатым.

Юбілей – час абнаўлення і прабачэння

На думку Францішка, Юбілейны год павінен стаць часам поўнага абнаўлення, прабачэння і радасці. "Часам я баюся, што яго будуць звязваць з рэлігійным турызмам. (…) Юбілей, які зводзіцца да турызму, бескарысны, гэта мяне палохае”, - прызнаўся Папа. Менавіта таму ён вырашыў пашырыць святкаванне Юбілею на ўсе дыяцэзіі, "каб кожны чалавек мог адсвяткаваць яго ў сваім горадзе, не выпраўляючыся ў падарожжа".

Рызыкі штучнага інтэлекту

У заключнай частцы інтэрв'ю Папа закрануў тэму штучнага інтэлекту. "Штучны інтэлект – гэта сур’ёзны выклік: альбо мы навучымся яго кантраляваць, альбо нас з'ядуць мурашы. Трэба падыходзіць да яго, выкарыстоўваючы чалавечыя крытэрыі", - сказаў ён.

20 снежня 2024, 20:41