Пошук

Папа на Te Deum: надзея свету – у братэрстве

У апошні дзень года падчас урачыстых нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі Папа заклікаў разглядаць Рым як месца, дзе ўсе могуць адчуць сябе дзецьмі Божымі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

31 снежня 2024 года ў Базіліцы Святога Пятра Францішак узначаліў традыцыйнае набажэнства Te Deum – нешпары ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі з падзякай за мінулы год.

"Гэта гадзіна падзякі, і мы маем радасць перажываць яе, услаўляючы Святую Маці Божую", - сказаў Пантыфік у пачатку казання, адзначыўшы, што менавіта Марыя, якая захоўвае ў сваім сэрцы таямніцу Езуса, вучыць нас чытаць знакі часу ў святле гэтай таямніцы.

Рым становіцца майстэрняй братэрства

Разважаючы пра падрыхтоўку Рыма да Юбілейнага года, Францішак падкрэсліў, што ўсе будаўнічыя працы, акрамя сваёй непасрэднай каштоўнасці, маюць глыбокі сэнс, які адпавядае ўніверсальнаму пакліканню Вечнага горада – быць месцам сустрэчы ўсіх народаў.

"Дэвіз Юбілею – Пілігрымы надзеі – багаты значэннямі, у залежнасці ад розных магчымых перспектыў, якія з'яўляюцца нібы шляхамі пілігрымавання. Адзін з гэтых вялікіх шляхоў надзеі – гэта братэрства, шлях, які я прапанаваў у энцыкліцы Fratelli tutti", - падкрэсліў Папа.

Хрыстус – аснова братэрства

Святы Айцец заклікаў задумацца над пытаннем: ці мае гэтая перспектыва трывалы падмурак? Ці не з'яўляецца надзея на братэрскае чалавецтва толькі рытарычным лозунгам? Адказ на гэтае пытанне дае нам Святая Маці Божая, паказваючы на Езуса. Менавіта Ён – уцелаўлёны Сын, пасланы Айцом, каб усе мы маглі стаць тымі, кім з'яўляемся – дзецьмі Нябеснага Айца.

На заканчэнне Папа заахвоціў прысутных у ватыканскай базіліцы, каб, захапляючыся вынікамі работ, выкананых у горадзе, яны ўсведамлялі, што галоўная будоўля – гэта тая, якая датычыць кожнага з нас. "Няхай дапаможа нам наша Святая Маці крочыць разам, як пілігрымам надзеі, па шляху братэрства", - заключыў Францішак.
 

31 снежня 2024, 17:35