Пошук

Папа назарэтанкам: быць знакамі надзеі для тых, хто перажывае цяжкасці

Гадавіна заснавання кангрэгацыі – гэта не толькі гістарычная падзея, але і нагода для духоўнага росту і служэння Богу і бліжнім, падкрэсліў Францішак на аўдыенцыі, прысвечанай 150-годдзю Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча Папы з назарэтанкамі прайшла ў Ватыкане 4 снежня 2024 года. У сваёй прамове Святы Айцец заклікаў супольнасць узнесці падзяку Усемагутнаму Богу за багатыя ласкі, атрыманыя на працягу гісторыі, а таксама за магчымасць духоўна абнавіцца ў радасным служэнні Пану.

Адвэнт – час надзеі і даверу да Божага Провіду

Пантыфік адзначыў сімвалічнасць таго, што гадавіна заснавання кангрэгацыі супала з пачаткам новага літургічнага года. Адвэнт – гэта час “цярплівага і поўнага надзеі чакання здзяйснення абяцанняў Пана, які можа стаць узорам таго, як узмацніць давер да Божага Провіду”. Францішак пажадаў, каб святкаванні дапамаглі членам кангрэгацыі, а таксама ўсім, хто прымае ўдзел у іх апостальскай дзейнасці, узрастаць у даверлівым сузіранні ўцелаўлёнага Сына Божага, асабліва ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і ў тых людзях, якім яны служаць.

Юбілей – час разважання і слухання Святога Духа

Папа звярнуў увагу на тое, што юбілей кангрэгацыі супадае са Святым годам, які хутка распачнецца ў Касцёле. Ён назваў юбілеі “каштоўнымі момантамі для падвядзення вынікаў нашага жыцця, як індывідуальнага, так і супольнага”. Гэта таксама "магчымасць падумаць, прыгадаць і прыслухацца да таго, што кажа нам сёння Святы Дух” (Ап 2, 7).

Служэнне сем’ям і тым, хто сутыкаецца з цяжкасцямі

Святы Айцец пажадаў, каб супольнасці сясцёр-назарэтанак заўсёды заставаліся “парогамі”, за якімі сем’і, якім яны служаць, маглі знайсці прытулак, надзею і супакой у Хрысце. У сувязі з гэтым ён згадаў шматлікія сем’і, якія пакутуюць ад вайны, гвалту ці вымушанага перасялення з родных мясцін. “Няхай вашы малітвы і практычныя справы міласэрнасці заўсёды адлюстроўваюць любоў Езуса, каб вы маглі быць знакам надзеі для тых, хто перажывае цяжкасці”, - заклікаў Папа.

Напрыканцы прамовы Францішак запэўніў сясцёр у сваіх малітвах аб тым, каб Найсвяцейшая Сям’я з Назарэта працягвала служыць непахісным прыкладам ва ўсіх іх пачынаннях.

04 снежня 2024, 10:45