Пошук

Пантыфік паслам: сеяць зерні надзеі ў свеце, стомленым вайной

Святы Айцец пажадаў новым паслам пры Апостальскай Сталіцы, каб іх дзейнасць, часта ціхая і непрыкметная, дапамагала сеяць зерні надзеі для будучыні свету, стомленага вайной.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 снежня 2024 года Папа прыняў даверчыя граматы дыпламатычных прадстаўнікоў Індыі, Іарданіі, Даніі, Люксембурга, Дэмакратычнай Рэспублікі Сан-Тамэ і Прынсіпі, Руанды, Туркменістана, Алжыра, Бангладэш, Зімбабвэ і Кеніі.

“Вы добра ведаеце, што ўступаеце на пасаду ў крытычны для міжнароднай дыпламатыі момант. Наш свет усё больш пакутуе ад праблем, якія закранаюць усю чалавечую сям’ю і патрабуюць узгодненых дзеянняў ад усіх, каго хвалюе будучыня нашай планеты”, - сказаў Папа, згадваючы пра разбуральныя наступствы кліматычных змен, узброеныя канфлікты і міграцыйны крызіс.

“Гэтыя праблемы не маюць простых рашэнняў і не могуць быць вырашаны намаганнямі адной краіны ці невялікай групы дзяржаў. Кожная краіна павінна мець свой голас у вырашэнні праблем міжнароднага маштабу і ў распрацоўцы ўсёабдымных і доўгатэрміновых рашэнняў. У гэтым кантэксце цярплівая праца дыпламатыі мае першараднае значэнне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што міжнародная супольнасць не можа адмовіцца ад свайго абавязку пошуку міру, спрыяючы дыялогу, прымірэнню, узаемнаму паразуменню, павазе да чалавечай годнасці, правоў кожнай асобы і патрабаванняў міжнароднага права. Ён нагадаў, што на міжнародным узроўні Святы Пасад спрабуе прасоўваць дыялог і служэнне агульнаму дабру, не пераследуючы палітычных, эканамічных ці ваенных мэт. “Дзякуючы свайму “пазітыўнаму нейтралітэту” яна намагаецца садзейнічаць вырашэнню канфліктаў і іншых пытанняў, падкрэсліваючы іх неад’емнае этычнае вымярэнне”, - дадаў Францішак.

“Гісторыя паказвае, што магчыма дасягнуць значнага прагрэсу ў вырашэнні сітуацый, якія здаюцца невырашальнымі, дзякуючы ціхім, цярплівым і настойлівым дыпламатычным намаганням, натхнёным узаемнай павагай, добрай воляй і маральнай перакананасцю. Многія з сучасных глабальных праблем існуюць ужо даўно, але гэта не павінна ўводзіць нас у роспач, а, наадварот, падштурхоўваць да пошуку новых і інавацыйных рашэнняў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што 24 снежня пачнецца Юбілейны 2025 год, галоўным пасланнем якога з’яўляецца надзея. У сувязі з гэтым ён заклікаў дыпламатаў працягваць працу з адвагай і крэатыўнасцю, каб прасоўваць сяброўскія сувязі, супрацоўніцтва і дыялог дзеля служэння міру. “Няхай ваша дзейнасць, часта ціхая і непрыкметная, дапаможа сеяць зерні надзеі для будучыні свету, стомленага вайной”, - пажадаў Святы Айцец новым паслам пры Апостальскай Сталіцы.
 

07 снежня 2024, 10:13