Пантыфік: права на жыццё і мір – аснова ўсіх іншых правоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Права чалавека на жыццё і мір з’яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення ўсіх астатніх правоў. Няхай кіраўнікі дзяржаў пачуюць вокліч аб міры мільёнаў людзей, пазбаўленых самых элементарных правоў з-за вайны, маці ўсіх бед!”, - заклікаў Святы Айцец.
Дзень правоў чалавека прымеркаваны да даты прыняцця аднаго з самых значных дакументаў у свеце – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Яна была сфармуляваная Генеральнай Асамблеяй ААН у Парыжы 10 снежня 1948 года.
Тэма 2024 года: Нашы правы, наша будучыня, зараз. “Правы чалавека пашыраюць магчымасці людзей і супольнасцяў, дазваляючы ім будаваць лепшую будучыню. У гэты Дзень правоў чалавека мы падкрэсліваем, што правы чалавека – гэта шлях да рашэнняў. Яны адыгрываюць ключавую ролю як прэвентыўная, ахоўная і пераўтваральная сіла дабра”, - паведамляецца на сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.