Пантыфік прызначыў членаў Звычайнай рады Сінода Біскупаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Членамі Рады, прызначанымі Пантыфікам, сталі кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; кардынал Рабэрта Рэполе, арцыбіскуп Турына; сястра Сымона Брамбіла, сакратар Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця; а таксама свецкая верніца – Марыя Лія Дзэрвіна, член Дыкастэрыі па справах біскупаў.
Звычайная Рада Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў складаецца з сямнаццаці чалавек. Дванаццаць членаў былі выбраны ўдзельнікамі сінадальнага сходу, які праходзіў у кастрычніку 2024 года ў Ватыкане. Сярод іх па адным прадстаўніку ад Усходніх Цэркваў і Акіяніі, і па два прадстаўнікі ад Паўночнай Амерыкі, Лацінскай Амерыкі, Еўропы, Афрыкі і Азіі. Кіраўніком структуры з'яўляецца сам Папа.