Пошук

Пантыфік: супрацоўніцтва хрысціян важнае для евангелізацыі

Супольныя дзеянні хрысціян, натхнёныя Евангеллем, таямнічым чынам набліжаюць іх да адзінства веры праз узаемнае пазнанне і павагу, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 снежня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Евангелічна-баптысцкай ромскай місіі ў Італіі – аб’яднання евангелічных хрысціян-баптыстаў, якія займаюцца місіянерствам і сацыяльнай дапамогай сярод ромскага народа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей памятаць: нішто і ніхто ніколі не зможа адлучыць нас ад любові Божай. “Няхай гэтая ўпэўненасць зробіць нас пераканаўчымі сведкамі праз руплівую любоў, праз вопыт супольнай малітвы і служэння. Няхай Святы Дух запаліць і ўмацуе ў нас адвагу і радасць адзінагалоснага абвяшчэння Евангелля надзеі, асабліва для супольнасцей ромаў”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што “братэрскае супрацоўніцтва паміж хрысціянамі само па сабе з’яўляецца знакам, сведчаннем і першым інструментам евангелізацыі на карысць усіх”.“І, таямнічым чынам, адзінства дзеянняў, натхнёных Евангеллем, набліжае нас да поўнага адзінства веры праз узаемнае пазнанне і павагу”, - дадаў Папа.

Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец пажадаў, каб супольнае зямное пілігрымаванне хрысціян праходзіла пад знакам слоў псальміста: “Спадзявайся на Пана, будзь мужным, няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана” (Пс 27, 14).
 

12 снежня 2024, 10:42