Пошук

Папа: увасабляйце любоў Хрыста ў пабожнасці і служэнні людзям

Увасабляць любоў Хрыста праз пабожнасць, а таксама клапаціцца пра тых, хто пакутуе фізічна і духоўна, заклікаў Папа ўдзельнікаў ІІ Міжнароднага кангрэса Брацтваў і народнай пабожнасці, які з 4 па 8 снежня 2024 года праходзіць у іспанскай Севільі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Спецыяльным пасланнікам Папы на кангрэсе стаў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята.

Францішак даслаў удзельнікам мерапрыемства пісьмовае пасланне. У ім гаворыцца, што сапраўдная эфектыўнасць народнай пабожнасці заключаецца ў яго здольнасці несці Хрыста ў свет. Як казаў святы Мануэль Гансалес, наша жыццё – гэта падарожжа туды і назад, якое пачынаецца ў Хрысце і заканчваецца ў народзе, а на зваротным шляху пачынаецца ў народзе і заканчваецца ў Хрысце. Брацтвы разам з святарамі, парафіямі, Касцёлам уяўляюць сабой Народ, які ідзе па шляху да Бога.

У брацтвах усе людзі розныя і ўсе адзіныя, адсюль і іх узнёслая прыгажосць. Прыгажосць выяўляецца ў тым ідэальным адзінстве, якое ўзнікае ў выніку спалучэння розных асаблівасцяў, служэнняў, намаганняў, якія з настойлівасцю і цярпеннем ствараюць калектыўную гармонію, дзе галоўная прыгажосць – гэта прыгажосць Хрыста. Яна заклікае нас быць братамі, несці Хрыста на вуліцы, да народа, каб усе маглі сузіраць Яго прыгажосць. “Якая радасць бачыць працэсію, якая ідзе пад рытм ціхай малітвы, напаўняючы сэрца таго, хто яе назірае”, - напісаў Пантыфік.

Папа адзначыў глыбокі духоўны досвед, які перажываюць вернікі ў такія моманты. Людзі праліваюць шмат слёз і пакутуюць разам з Хрыстом. Святы Мануэль называў іх вар'ятамі, вар'ятамі любові. Знешнім назіральнікам можа здавацца, што ў іх намаганнях “няма сэнсу”, але іх любоў да Бога з'яўляюцца магутным сведчаннем веры, якая прыводзіць і іншых людзей да Бога.

Святы Мануэль адзначае, што людзі “прагнуць праўды, любові, дабрабыту, справядлівасці, нябёсаў і, магчыма, самі таго не ўсведамляючы, Бога”. Толькі “жывы Хлеб” Хрыста можа здаволіць духоўны голад сучаснага грамадства, бо Ён нарадзіўся, каб аддаць сябе іншым. Папа заклікаў вернікаў адгукнуцца на гэты голад жэстамі міласэрнасці, несучы Божую ласку тым, хто пакутуе целам і душой. Ён заклікаў удзельнікаў кангрэса ісці па такому шляху, на якім несці Хрыста – значыць быць спагадлівым да іншых, несці на плячах брата, як гэта рабіў Добры Пастыр.

04 снежня 2024, 20:54