Пошук

Наступствы бамбардыровак Сектара Газа Наступствы бамбардыровак Сектара Газа  (AFP or licensors)

Папа заклікаў да глабальнага перамір'я на свята Божага Нараджэння

Спыніць ваенныя дзеянні на ўсіх франтах заклікаў Францішак пасля традыцыйнай малітвы Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 8 снежня 2024 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа заклікаў вернікаў далучыцца да малітвы за Касцёл і народ Нікарагуа, у свята Беззаганнай заступніцы гэтай краіны. "Хай Нябесная Маці суцешыць іх у цяжкасцях і няўпэўненасці і адкрые сэрцы ўсіх, каб заўсёды шукаць шлях паважлівага і канструктыўнага дыялогу з мэтай садзейнічання міру, братэрству і гармоніі ў краіне", - сказаў Францішак.

Святы Айцец звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў і міжнароднай супольнасці з заклікам спыніць ваенныя дзеянні на ўсіх франтах і гарантаваць перамір'е на свята Божага Нараджэння. Ён пералічыў краіны, дзе ідуць войны: Украіна, Сірыя, Палесціна, Ізраіль, Ліван, М'янма і Паўднёвы Судан.

Пантыфік выказаў глыбокую заклапочанасць становішчам зняволеных, якія чакаюць смяротнага пакарання ў ЗША. Ён заклікаў змяніць прысуды і выратаваць іх ад смерці.

Папа таксама выказаў салідарнасць з працоўнымі з італьянскіх гарадоў Сіена, Фабрыяна і Аскалі-Пічэна, якія рызыкуюць згубіць працоўныя месцы. "Права на працу – гэта права на годнасць!" - падкрэсліў ён.

08 снежня 2024, 13:30