Пантыфік нагадаў банкірам пра іх сацыяльную адказнасць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча з прадстаўнікамі банкаўскіх устаноў Італіі дала магчымасць Папу паразважыць над патэнцыялам і супярэчнасцямі сучаснай эканомікі і фінансаў. Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл заўсёды надаваў асаблівую ўвагу банкаўскай справе на народным узроўні.
"Прысутнасць бедных у горадзе з'яўляецца прыкметай сацыяльнай хваробы", - адзначыў Святы Айцец. Ён выказаў занепакоенасць тым, што ў глабалізаваным свеце фінансы страцілі твар і аддаліліся ад жыцця людзей. "Калі адзіным крытэрыем з'яўляецца прыбытак, мы маем негатыўныя наступствы для рэальнай эканомікі", - падкрэсліў Францішак.
"Фінансы – гэта свайго роду сістэма кровазвароту эканомікі: калі яна блакіруецца ў некаторых пунктах і не цыркулюе па ўсім сацыяльным целе, узнікаюць разбуральныя інфаркты і ішэміі для самой эканомікі", - адзначыў Папа.
Напярэдадні Юбілейнага года Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць дараваць даўгі, што з'яўляецца ўмовай для стварэння надзеі і будучыні ў жыцці многіх людзей, асабліва бедных. Ён заклікаў банкіраў сеяць давер і не стамляцца падтрымліваць высокі ўзровень сацыяльнай справядлівасці.