Папа заклікае рымлян адчыніць дамы для юных пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У бліжэйшую нядзелю, 15 снежня 2024 года, ва ўсіх парафіях Рымскай дыяцэзіі будзе зачытаны ліст Папы, скіраваны да сем'яў і парафіяльных супольнасцей Рыма. Кардынал-вікарый Бальдасарэ Рэйна асабіста перадаў яго пробашчам.
"Юбілей моладзі стане асаблівай нагодай для нашай дыяцэзіі, момантам ласкі і абноўленага ўдзелу ў веры", - падкрэслівае кардынал іерарх у суправаджальным лісце да святароў.
У сваім пасланні Святы Айцец звяртае ўвагу на дзве важныя падзеі: Юбілей падлеткаў, які пройдзе 25-27 красавіка 2025 года, і Юбілей моладзі, запланаваны на 28 ліпеня - 3 жніўня 2025 года.
"Маладыя людзі нясуць у сваіх сэрцах багацце веры сваіх Касцёлаў і супольнасцей, а таксама імкненне будаваць свет міру і салідарнасці", - піша Францішак, заклікаючы рымскія сем'і адчыніць дзверы сваіх дамоў для маладых пілігрымаў.
Святы Айцец прыгадвае словы з Паслання да Габрэяў: "Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў" (13, 2).
Ён падкрэслівае, што хоць правядзенне Юбілею моладзі ў самы разгар лета запатрабуе дадатковай шчодрасці, але значна большым за гэтае намаганне будзе дар, які сем'і атрымаюць ад сустрэчы з энтузіязмам і сведчаннем гэтых маладых людзей.