Пошук

Папа заклікаў сіцылійскіх тэолагаў змагацца за маладое пакаленне

6 снежня 2024 года ў Ватыкане Папа даў аўдыенцыю супольнасці Тэалагічнага інстытута святога Паўла ў Катаніі, заклікаўшы іх быць місіянерамі надзеі і стваральнікамі новых шляхоў евангелізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з сіцылійскімі тэолагамі адбылася ва ўспамін святога Мікалая, які з'яўляецца сімвалам еднасці паміж Усходам і Захадам. Францішак падкрэсліў асаблівую ролю Тэалагічнага інстытута, які быў заснаваны ў 1969 годзе і стаў першым плёнам Другога Ватыканскага Сабора на Сіцыліі.

Тэалогія павінна служыць людзям

"Місія Тэалагічнага інстытута не можа ігнараваць тэрыторыю, на якой ён знаходзіцца", - падкрэсліў Папа, адзначыўшы, што ўжо падчас навучання студэнты атрымліваюць досвед касцельнасці, які ставіць іх побач адзін з адным у разнастайнасці пакліканняў і дароў.

Францішак звярнуў увагу на павелічэнне колькасці студэнтак, якія цяпер займаюць адказныя пасады ў касцельных супольнасцях. "Гэта таксама з'яўляецца знакам часу на тэрыторыі, дзе жанчына часта недаацэньвалася ў сваёй сацыяльнай ролі", - адзначыў ён.

Барацьба з беднасцю і мафіяй

Святы Айцец з болем адзначыў, што цудоўныя прыродныя і мастацкія багацці Сіцыліі знаходзяцца пад пагрозай мафіёзнай спекуляцыі і карупцыі. "Мафія заўсёды вядзе да збяднення. Заўсёды", - падкрэсліў ён, заклікаючы фарміраваць новае пакаленне, свабоднае і празрыстае ў клопаце пра агульнае дабро.

Пантыфік асабліва падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з Універсітэтам Катаніі, найстарэйшай культурнай установай Сіцыліі. "Гэта, несумненна, карысна для вас, бо адкрывае вашы даследаванні і вашу будучыню дыялогу, які трэба заўсёды развіваць", - адзначыў ён.

Надзея і інтэграцыя мігрантаў

"Не гасіце надзею бедных, асабліва мігрантаў!" - заклікаў Папа, падкрэсліваючы важнасць інтэграцыі мусульманскіх мігрантаў. Ён таксама выказаў занепакоенасць эміграцыяй моладзі з Сіцыліі: "Працуйце, каб маладыя людзі, якія паехалі вучыцца, вярнуліся. Каб Сіцылія не страціла маладую кроў".

Завяршаючы сустрэчу, Францішак заклікаў прысутных быць місіянерамі надзеі і не паддавацца нараканням. “Ніколі не дазваляйце сабе наракаць і адчайвацца. Нараканне – гэта справа людзей без адвагі. Рухайцеся наперад з надзеяй!" - сказаў Папа.
 

06 снежня 2024, 12:58