Пошук

Пантыфік: жаночы геній важны ў змаганні са злом, ад якога пакутуе свет

Панна Марыя – цалкам рэалізаваная мадэль нашай чалавечнасці, праз якую, з дапамогай Божай ласкі, мы ўсе можам унесці свой уклад у паляпшэнне нашага свету, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 снежня 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю іспанскай асацыяцыі Manos Unidas (З’яднаныя рукі), якая была заснавана ў 1959 годзе жанчынамі з руху Каталіцкая акцыя з мэтай змагання з голадам, матэрыяльнай, культурнай і духоўнай беднасцю ў свеце.

“Думаючы пра працу, якую вы, з чуласцю і сілай, уласцівымі жаночаму генію, праводзіце, каб выкараніць зло, ад якога па-ранейшаму пакутуюць многія народы, я хацеў бы звярнуцца да постаці Багародзіцы, якую мы ўшаноўваем у Яе Беззаганным Зачацці, бо Дзева Марыя – гэта дасканалая Жанчына”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Марыя, сэрцам укаранёная ў Богу, працягвае быць уважлівай да патрэб сваіх дзяцей, заклікаючы ісці да іх і несці ім суцяшэнне Пана. Яна – цалкам рэалізаваная мадэль нашай чалавечнасці, праз якую, з дапамогай Божай ласкі, мы ўсе можам унесці свой уклад у паляпшэнне нашага свету”, - дадаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што асацыяцыя Manos Unidas змагаецца з голадам, недахопам развіцця і адукаванасці, намагаючыся выкараніць структурныя прычыны, якія ляжаць у аснове гэтых з’яў. “Гэта заданне магчыма выканаць толькі маючы хрысціянскае бачанне чалавека, у аснове якога ляжыць Евангелле і сацыяльнае вучэнне Касцёла”, - сцвердзіў ён.

Папа заклікаў сваіх гасцей быць пілігрымамі надзеі і скіраваць жыццё да Хрыста, таксама праз клопат пра матэрыяльны дабрабыт, маральнае і духоўнае развіццё самых уразлівых і бедных, каб дапамагчы ім мець жыццё, адпаведнае іх годнасці Божых дзяцей.

“Жадаю, каб гэты перыяд Адвэнту, калі мы цярпліва і з надзеяй чакаем Божых абяцанняў, дапамог усім нам дасягнуць духоўнага абнаўлення, каб унесці свой уклад у доўгачаканае будаўніцтва цывілізацыі любові, якая дазволіць нам злучыць нашу сыноўнюю любоў да Бога з любоўю да бліжняга”, - завяршыў прамову Святы Айцец.
 

09 снежня 2024, 13:30