Пошук

Папа: Багародзіца заклікае нас не баяцца і давяраць Богу

Францішак заклікаў давяраць Маці Божай у цяжкія і шчаслівыя моманты жыцця. “Не бойцеся, Я – ваша Маці!” – гэта сутнасць паслання, якое скіроўвае да нас Багародзіца, - нагадаў ён.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 снежня 2025 года Папа ўзначаліў святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра з нагоды літургічнага ўспаміну Маці Божай Гвадэлупскай, нябеснай апякункі Лацінскай Амерыкі. У літургіі бралі ўдзел каля чатырох тысяч чалавек, у тым ліку 350 святароў.

У кароткай гаміліі, прамоўленай на іспанскай мове, Пантыфік заклікаў па прыкладзе Багародзіцы не баяцца цяжкасцяў і заўсёды давяраць Богу. “Не бойцеся. Хіба Я не побач з вамі, Я – ваша Маці?” – гэтымі словамі можна выразіць сутнасць паслання, якое Панна Марыя пераказала святому Хуану Дыега, падкрэсліў Францішак. Святы Айцец заклікаў памятаць пра гэты заклік Маці Божай на працягу ўсяго жыцця: “у цяжкія моманты жыцця, у шчаслівыя моманты, у паўсядзённасці”.

Заклік пазбягаць ідэалагізацыі

Папа з жалем адзначыў, што многія людзі імкнуцца выкарыстоўваць таямніцу марыйных аб’яўленняў у Гвадэлупе і “здабываць з яе ў ідэалагічую выгаду”. Плашч, ружы і Хуан Дыега – “усё астатняе, што гаворыцца пра таямніцу Гвадэлупы – гэта няпраўда” і “выкарыстоўваецца ў ідэалагічных мэтах”, - падкрэсліў ён, заклікаючы шанаваць Багародзіцу па-сапраўднаму.

Аб’яўленне Багародзіцы ў Гвадэлупе

9 снежня 1531 года на пагорку Тэпеяк, недалёка ад Мехіка, Багародзіца аб’явілася мясцоваму селяніну Хуану Дыега, будучы апранутай у традыцыйную вопратку ацтэкаў і размаўляючы на яго роднай мове.

12 снежня, у самы разгар зімы, Хуан Дыега знайшоў вялікую колькасць кастыльскіх ружаў, якія не сустракаюцца ў Мексіцы. Ён сабраў іх у свой плашч і аднёс да біскупа, думаючы, што гэта цуд, які ўчыніла Багародзіца. Але, раскрыўшы плашч, усе ўбачылі цудоўную выяву Панны Марыі. Гэтая рэліквія дагэтуль захоўваецца ў базіліцы Маці Божай Гвадэлупскай, якую штогод наведваюць каля 12 мільёнаў чалавек.
 

13 снежня 2024, 09:30