Святы Айцец: Езус прыйшоў у свет дзеля ўсіх людзей

Абудзіць у сабе ўдзячную памяць пра нашых продкаў, а ў першую чаргу падзякаваць Богу за то, што праз Маці Касцёл нарадзіў нас да вечнага жыцця, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 18 снежня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак распачаў новы катэхетычны цыкл пад назвай Езус Хрыстус – наша надзея, які будзе працягвацца ўвесь Юбілейны год. Першая частка гэтага цыклу будзе прысвечана дзяцінству Езуса, пра якое расказваюць евангелісты Мацвей і Лука.

Папа нагадаў, што Евангеллі дзяцінства “паказваюць Езуса немаўляткам, дзіцяткам і падлеткам, паслухмяным сваім бацькам, але адначасова свядомым таго, што Ён цалкам прысвечаны Айцу і Яго Валадарству”. Ён заўважыў, што святы Лука расказвае пра падзеі з пункту гледжання Марыі, а святы Мацвей – з перспектывы Юзафа, падкрэсліваючы яго беспрэцэдэнтнае бацькоўства.

Жыццё – дар, атрыманы ад іншых

Святы Мацвей распачынае сваё Евангелле “радаводам Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама” (1,1), у якім змешчаны “спіс імёнаў, ужо прысутных у яўрэйскіх Пісаннях, каб паказаць праўду гісторыі і чалавечага жыцця”.

“Насамрэч, радавод Пана – гэта сапраўдная гісторыя, у якой ёсць некалькі, мякка кажучы, неадназначных імёнаў, а таксама падкрэсліваецца грэх караля Давіда. Аднак усё завяршаецца і расцвітае ў Марыі і Хрысце”, - зазначыў Францішак, падкрэсліваючы, што ў радаводзе Езуса ўтрымліваецца важнае пасланне: “ніхто не дае жыццё самому сабе, але атрымлівае яго ў дар ад іншых”.

Місія Езуса адрасавана ўсім народам

Пантыфік заўважыў таксама, што, у адрозненне ад старазапаветных радаводаў, дзе фігуруюць толькі мужчынскія імёны, у спісе продкаў Езуса, складзеным Мацвеем, прысутнічаюць і жанчыны.

“Іх пяць: Тамар, нявестка Юды, якая, аўдавеўшы, прыкінулася чужаложніцай, каб забяспечыць мужу патомства; Ракаў, чужаложніца з Ерыхона, якая дапамагла габрэйскім разведчыкам увайсці ў абяцаную зямлю і заваяваць яе; Рут, маавіцянка, якая ў аднайменнай кнізе застаецца вернай сваёй свякрусе, клапоціцца пра яе і становіцца прабабуляй караля Давіда; Бэтшэба, з якой Давід здзейсніў чужалоства і, забіўшы яе мужа, стаў бацькам Саламона; і, нарэшце, Марыя з Назарэта, нявеста Юзафа з дому Давідавага, ад Якой нарадзіўся Месія, Езус”, - нагадаў Францішак.

“Першых чатырох жанчын аб’ядноўвае не тое, што яны былі грэшніцамі, як часам кажуць, але тое, што яны былі чужынкамі адносна народа Ізраэля. Мацвей паказвае, што, як напісаў Бэнэдыкт XVI, “праз іх у радавод Езуса ўваходзіць свет язычнікаў – становіцца бачнай Яго місія, скіраваная як да яўрэяў, так і да язычнікаў”, - падкрэсліў Папа.

Марыя – новы пачатак

“Калі чатыры папярэднія жанчыны згадваюцца нараўне з мужчынамі, якія нарадзіліся ад іх або сталі бацькамі праз іх, то Марыя, наадварот, набывае асаблівае значэнне: Яна пазначае сабой новы пачатак, бо ў Яе гісторыі ўжо не чалавечая істота з’яўляецца галоўным героем нараджэння, а сам Бог. Гэта выразна бачна з дзеяслова “нарадзіўся”: “Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом” (Мц 1,16). Езус – сын Давіда, уключаны праз Юзафа ў гэту дынастыю і пакліканы стаць Месіяй Ізраэля, але Ён таксама сын Абрагама і чужынкі, пакліканы стаць “Святлом для язычнікаў” (пар. Лк 2,32), - сказаў Пантыфік.

Езус – наша надзея

Францішак падкрэсліў, што Божы Сын, місія якога заключаецца ў тым, каб паказаць аблічча Айца, увайшоў у свет як усе іншыя чалавечыя дзеці, таму ў Назарэце Яго называлі “сынам Юзафа” ці “сынам цесляра”. Папа адзначыў, што Езус – гэта “сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек”. “Браты і сёстры, давайце ажывім у нас удзячную памяць пра нашых продкаў, а ў першую чаргу падзякуем Богу, які праз Маці Касцёл нарадзіў нас да вечнага жыцця, жыцця Езуса, нашай надзеі”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

18 снежня 2024, 10:13

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >