Святы Айцец: даць народу Украіны надзею на мір
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Выказваю сваю заклапочанасць і боль у сувязі з канфліктам, які працягвае заліваць крывёю змучаную Украіну. Амаль два гады мы назіраем страшную чараду смерцяў, раненняў, гвалту, разбурэнняў... Першымі ахвярамі становяцца дзеці, жанчыны, старыя, нямоглыя. Вайна – гэта жах, яна абражае Бога і чалавецтва. Вайна не шкадуе нікога, вайна – гэта заўсёды паражэнне, паражэнне ўсяго чалавецтва”, - сказаў Папа.
Францішак адзначыў, што набліжаюцца зімовыя маразы, якія пагражаюць пагоршыць умовы жыцця мільёнаў перамешчаных асоб. “Гэта будуць вельмі складаныя месяцы для іх. Спалучэнне вайны і холаду – трагічнае”, – падкрэсліў Пантыфік.
“Я зноў звяртаюся да міжнароднай супольнасці і ўсіх людзей добрай волі з заклікам прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць гэту вайну, каб узялі верх дыялог, братэрства і прымірэнне. Няхай на ўсіх узроўнях будуць прыкладацца новыя намаганні. І цяпер, калі мы рыхтуемся да Божага Нараджэння і чакаем нараджэння Валадара супакою, няхай гэтыя людзі атрымаюць канкрэтную надзею. Імкненне да міру – гэта абавязак не нямногіх, а ўсіх. Калі прызвычаенасць і абыякавасць да жахаў вайны возьмуць верх, уся чалавечая сям’я пацерпіць паражэнне. Дарагія браты і сёстры, давайце не стамляцца маліцца за гэты народ, які перажывае такія цяжкія выпрабаванні, і прасіць у Бога дару міру”, - заахвоціў вернікаў Святы Айцец.