Францішак сустрэўся з рабочымі, якім пагражае скарачэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дэлегацыя прыбыла ў Ватыкан у суправаджэнні кардынала Аўгуста Паола Ладжудзічэ, арцыбіскупа Сіены-Коле-дзі-Валь-д’Эльса-Мантальчына, а таксама іншых біскупаў, на тэрыторыі дыяцэзій якіх знаходзяцца прадпрыемствы.
“Мы ўдзячныя Папу Францішку за тое, што ён прыняў нашу просьбу і дазволіў прадставіць яму крытычнае становішча сотняў работнікаў Beko Europe, якія рызыкуюць згубіць працу”, - паведаміў пасля аўдыенцыі кардынал Ладжудзічэ.
Іерарх заўважыў, што біскупы разам шукаюць шляхі дапамогі рабочым і іх сем'ям. “Мы ведаем, што можам разлічваць на падтрымку Папы Францішка, які заклікае нас быць Касцёлам, які ідзе насустрач людзям, асабліва тым, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы ці ў стане сацыяльнай і эканамічнай уразлівасці”, - дадаў пастыр.
Beko Europe з’яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем кампаніі па вытворчасці бытавой тэхнікі Beko, якая належыць турэцкаму канцэрну Arçelik. Кіраўніцтва кампаніі абвясціла пра намер зачыніць заводы ў Сіене і Камунанцы да 2025 года, а таксама правесці рэарганізацыю на іншых вытворчых пляцоўках. Паводле плана, будзе скарочана каля 2 тысяч працоўных месцаў, што закране амаль 44 працэнты італьянскіх супрацоўнікаў кампаніі.