Пошук

Святы Айцец: не заставацца абыякавымі да драмы міграцыі

Мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць і інтэграваць, а таксама ствараць умовы для іх развіцця, падкрэсліў Францішак, звяртаючыся да дэлегацыі ратавальнікаў, якія працуюць у Міжземным моры і на Балканскім маршруце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 снежня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў няўрадавай арганізацыі Людзі ратуюць людзей (ResQ - People Saving People). У сваёй прамове ён назваў ратаванне тых, хто рызыкуе жыццём у доўгіх і небяспечных падарожжах, надзвычай неабходнай справай. Людзі ўцякаюць ад ваенных канфліктаў, гуманітарных крызісаў і парушэнняў правоў чалавека, - нагадаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што выратавальнікі не засталіся абыякавымі перад абліччам драмы прымусовай міграцыі, не адвялі позірк, а задаліся пытаннем: "Што мы можам зрабіць?" “У аснове такога падыходу ляжыць перакананне, што кожны чалавек унікальны, а яго годнасць непарушная, незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, палітычных поглядаў ці рэлігіі”, - сцвердзіў Папа.

“На жаль, так адбываецца не заўсёды. Шматлікія людзі становяцца ахвярамі эксплуатацыі, адрынутасці, гвалту і рабства. Сутыкаючыся з шырокім маштабам і складанасцю міграцыйнай праблемы, грамадзянскія ўлады не заўсёды здольныя найлепшым чынам выконваць свае абавязкі", - заўважыў Францішак.

Таму асабліва важная праца тых, хто не проста назірае за сітуацыяй і крытыкуе, а дзейнічае, ахвяруе час, талент і рэсурсы дзеля таго, каб палегчыць пакуты мігрантаў, выратаваць іх, прыняць і дапамагчы інтэгравацца. Мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць і інтэграваць, а таксама ствараць умовы для іх развіцця. “Ваша шчодрасць і актыўнасць цалкам адпавядаюць духу Евангелля, якое заклікае рабіць дабро ўсім, асабліва пакінутым, бедным, хворым і тым, хто знаходзіцца ў небяспецы", - сказаў Святы Айцец, заклікаючы Марыю, Суцяшальніцу мігрантаў, дапамагаць выратавальнікам у іх справе.

11 снежня 2024, 10:53