На пачатку Юбілею Папа нагадаў пра вартасць чалавечага жыцця
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пачатку новага і Юбілейнага года Папа засяродзіў увагу вернікаў на постаці Марыі, якая з'яўляецца брамай, праз якую Хрыстус увайшоў у гэты свет. Цытуючы святога Амброзія, ён падкрэсліў асаблівую ролю Багародзіцы ў гісторыі збаўлення.
Марыя заўсёды вядзе нас да свайго Сына
"Хрыстус прыходзіць з улоння Айца, але ўцелаўляецца ва ўлонні Дзевы Марыі. Ён прыходзіць з вышыні нябёсаў, але жыве ў глыбінях зямлі", - сказаў Пантыфік, тлумачачы, што праз Марыю Бог сапраўды стаў адным з нас.
Бог адкрываецца ў прастаце і схаванасці
Святы Айцец падкрэсліў, што на працягу ўсяго жыцця Езуса мы можам бачыць гэты Божы выбар малога і схаванага. "Ён ніколі не паддасца чароўнасці Боскай улады, каб здзяйсняць вялікія знакі і навязваць сябе іншым, як прапаноўваў д'ябал, але будзе адкрываць Божую любоў у прыгажосці свайго чалавецтва", - адзначыў Францішак падчас святой Імшы.
Езус жыве сярод нас
Папа нагадаў, што Хрыстус раздзяляе з намі звычайнае жыццё, поўнае цяжкасцей і мар, праяўляе спачуванне да пакут цела і духу, адкрывае вочы сляпым і ўмацоўвае разгубленых сэрцам. "Прывілеяваным месцам, дзе мы можам сустрэць Яго, з'яўляецца перш за ўсё наша жыццё, наша крохкае чалавецтва і чалавецтва тых, хто штодня праходзіць побач з намі", - падкрэсліў ён.
Кожнае жыццё мае годнасць
У заканчэнні гаміліі Францішак заклікаў даручыць новы Юбілейны год Марыі, Маці Божай, каб мы, як і Яна, навучыліся знаходзіць Божую веліч у малым штодзённым жыцці.
"Прашу цвёрдага абавязацельства садзейнічаць павазе да годнасці чалавечага жыцця, ад зачацця да натуральнай смерці, каб кожны чалавек мог любіць сваё жыццё і глядзець з надзеяй у будучыню", - заключыў Пантыфік.