Пошук

Францішак: моладзі патрэбна сведчанне святасці

Папа звярнуўся да ўдзельніц XV Генеральнага капітула Аб’яднання святой Кацярыны Сіенскай Школьных місіянерак, заклікаючы іх да сведчання святасці, добрай падрыхтоўкі і прыветлівасці. Сустрэча адбылася ў Ватыкане 4 студзеня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Першае – святасць. Гэта важкае слова, якое можа палохаць да такой ступені, што нам часта цяжка аднесці яго да сябе. Аднак гэта пакліканне, якое аб’ядноўвае ўсіх нас, і найважнейшая мэта нашага жыцця”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць сведчання святасці перад моладдзю. Ён заўважыў, што манахіні пакліканы рабіць гэта праз наследаванне Хрыста, выкананне евангельскіх парадаў, сакрамэнтальнае жыццё, штодзённае слуханне Божага слова і разважанне над ім, малітву і супольнае жыццё, перадаючы іншым плён сузірання, як вучыць дамініканская традыцыя.

“Заставайцеся глыбока ўкаранёнымі ў гэтых асновах, каб ваша апостальская праца была трывалай і прыносіла багаты плён”, - пажадаў Святы Айцец.

Другі важны аспект, на які звярнуў увагу Папа – падрыхтоўка. Ён падкрэсліў важнасць пастаяннага ўдасканалення навыкаў і ведаў, глыбокага вывучэння, абмену вопытам, а таксама пастаяннага засвойвання сучасных метадаў навучання і камунікацыі, прымаючы ўсё добрае і карыснае ў сённяшнім грамадстве, з адкрытасцю і ў дыялогу з усімі.

“Я заклікаю вас быць носьбіткамі такой прыветлівасці, якая ёсць дарам Святога Духа, і радасці, перажываючы кожную сустрэчу са светлай удзячнасцю за святую ўнікальнасць кожнага чалавека”, - пажадаў манахіням Святы Айцец.

 

04 студзеня 2025, 09:32