Пантыфік: дзеці займаюць асаблівае месца ў сэрцы Бога

Кожны, хто крыўдзіць дзіця, павінен будзе адказаць за гэта перад Богам, - нагадаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 8 студзеня 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння мы здольныя глядзець у кірунку Марса і віртуальных светаў, але нам цяжка ўбачыць вочы дзіцяці, якое пакінута на ўзбочыне, падвяргаецца эксплуатацыі і злоўжыванням. Стагоддзе, якое стварае штучны інтэлект і плануе шматпланетнае існаванне, усё яшчэ не пераадолела праблему прыніжанага, эксплуатаванага і смяротна параненага маленства”, - з жалем канстатаваў Пантыфік у катэхезе, прысвечанай драме выкарыстання дзіцячай працы.

Папа адзначыў, што ў Старым Запавеце слова ben, “сын”, “дзіця”, ужываецца каля пяці тысяч разоў і саступае па колькасці згадак толькі боскаму імені Jahweh. “Дзеці – гэта дар Бога. Але, на жаль, да гэтага дару не заўсёды адносяцца з павагай”, - падкрэсліў Францішак, нагадаўшы, што гэта старажытная праблема, і нават на старонках Святога Пісання гаворыцца пра пакуты дзяцей. “Давайце падумаем пра тое, колькі дзяцей сёння памірае з голаду і беднасці ці гіне ад выбухаў бомб”, - заахвоціў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што і на нованароджанага Езуса абрынулася “бура насілля Ірада, які арганізаваў разню бэтлеемскіх дзяцей”. “Гэта нямая трагедыя, якая ў розных формах паўтараецца ў гісторыі”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што Езус і Яго бацькі былі вымушаныя стаць бежанцамі ў чужым краі, як гэта здараецца сёння з многімі дарослымі і дзецьмі.

Францішак нагадаў, што Езус парушаў традыцыю, якая лічыла дзяцей выключна пасіўнымі аб’ектамі, і казаў сваім вучням: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае”. А потым дадаваў: “Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго” (Лк 18, 16–17).

У іншай сітуацыі Езус паставіў дзіця ў цэнтр і сказаў сваім вучням: “Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18, 3). Хрыстус таксама папярэджваў: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні” (Мц 18, 6).

“Браты і сёстры, вучні Езуса Хрыста ніколі не павінны дапускаць, каб дзеці падвяргаліся пагардзе ці жорсткаму абыходжанню, былі пазбаўлены сваіх правоў, любові і абароны. Хрысціяне абавязаны рашуча прадухіляць і цвёрда асуджаць гвалт і жорсткае абыходжанне з дзецьмі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў свеце занадта шмат дзяцей вымушаныя працаваць, пазбаўляюцца ўсмешкі і мараў, і таму не могуць пазнаць і развіваць уласныя таленты. “Ва ўсіх частках свету ёсць дзеці, якія выкарыстоўваюцца эканомікай, што не паважае жыццё; эканомікай, якая, робячы гэта, спальвае наш найважнейшы запас надзеі і любові. Але дзеці займаюць асаблівае месца ў сэрцы Бога, і кожны, хто крыўдзіць дзіця, павінен будзе адказаць за гэта перад Ім”, - папярэдзіў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, тыя, хто лічыць сябе дзецьмі Божымі, і асабліва тыя, хто пасланы несці іншым добрую вестку Евангелля, не могуць заставацца абыякавымі; яны не могуць змірыцца з тым, што маленькія сёстры і браты, замест таго каб быць любімымі і абароненымі, пазбаўляюцца дзяцінства, мар, становяцца ахвярамі эксплуатацыі і маргіналізацыі”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы прасіць Бога аб адкрыцці розуму і сэрца на клопат і ласкавасць, каб кожнае дзіця магло ўзрастаць у гадах, мудрасці і ласцы, атрымліваючы і дорачы любоў.
 

08 студзеня 2025, 10:19

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >