Пошук

Францішак наведаў батлейку на ватыканскай плошчы

Францішак завяршыў 2024 год малітвай ля батлейкі на ватыканскай плошчы пасля ўрачыстых Нешпараў і гімну Te Deum у Базіліцы Святога Пятра, дзе прысутнічаў мэр Рыма Раберта Гуальцьеры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па дарозе да батлейкі, што размешчана побач з велічнай каляднай ёлкай, Папа вітаў і благаслаўляў людзей, размаўляў з некаторымі з іх і раздаваў ружанцы дзецям. Святы Айцец таксама паслухаў калядку Ціхая ноч у выкананні аркестра Швейцарскай гвардыі.

Сёлетняя батлейка ў Ватыкане адлюстроўвае прыгажосць марскога курорта Града ў Італіі і яго традыцыйную архітэктуру, у прыватнасці казонэ – характэрны для гэтай часткі Гарыцыі будынак з чароту.

29-метровая ёлка з мясцовасці Ледра ў Трыдэнцкай дыяцэзіі была абрана не толькі з эстэтычных меркаванняў. Яе высечка была часткай натуральнага абнаўлення лясного масіву, паколькі дрэва паходзіць з тэрыторый, прызначаных для высечкі дзеля забеспячэння правільнага лесагаспадарання.

Батлейка і ёлка будуць упрыгожваць Плошчу Святога Пятра да Нядзелі Хросту Пана, 12 студзеня 2025 года.
 

01 студзеня 2025, 10:30