Пошук

На Плошчы Святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі На Плошчы Святога Пятра падчас малітвы Анёл Панскі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак заклікаў пераўтварыць юбілейнае дараванне ў сацыяльнае

Францішак у першы дзень 2025 года заклікаў да даравання даўгоў бедным краінам і спынення ўсіх узброеных канфліктаў, падкрэсліваючы, што вайна заўсёды вядзе да разбурэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Традыцыйны зварот пасля малітвы Анёл Панскі Папа пачаў з віншаванняў рымлянам і пілігрымам, а таксама ўсім, хто сочыць за трансляцыяй праз СМІ.

Юбілей патрабуе сацыяльнага даравання

"Сёлетні Сусветны дзень міру, устаноўлены святым Паўлам VI, мае асаблівую тэму ў сувязі з Юбілеем – дараванне даўгоў", - нагадаў Пантыфік. Ён заўважыў, што першым, хто даруе даўгі, з'яўляецца Бог, як мы просім у малітве Ойча наш. "Юбілей патрабуе пераўтварыць гэтае дараванне ў сацыяльным вымярэнні, каб ніводны чалавек, ніводная сям'я, ніводны народ не былі прыгнечаны даўгамі", - дадаў Святы Айцец.

Дыялог і перамовы – шлях да міру

Папа выказаў удзячнасць усім, хто спрыяе міру праз малітву і дзеянні, у тым ліку ўдзельнікам нацыянальнага Маршу міру ў Пезара і акцыі Мір на ўсіх землях, арганізаванай Супольнасцю Святога Эгідзія ў розных краінах. Асаблівую падзяку ён выказаў тым, хто працуе на карысць дыялогу і перамоў у зонах канфліктаў.

Вайна – заўсёды паражэнне

Згадваючы Украіну, Газу, Ізраіль, М'янму, Ківу і іншыя народы, якія пакутуюць ад войнаў, Францішак звярнуўся: "Браты і сёстры, вайна разбурае, заўсёды разбурае! Вайна заўсёды з'яўляецца паражэннем, заўсёды".

Завяршаючы свой зварот, Папа павітаў музычныя калектывы са Злучаных Штатаў, вернікаў з іспанскага горада Пантэведра, валанцёраў Fraterna Domus і моладзь з Групы Беззаганнай. Ён пажадаў усім добрага пачатку года пад апекай Пана і Дзевы Марыі, просячы не забывацца маліцца за яго.
 

01 студзеня 2025, 12:46