Папа выказаў спачуванне з прычыны смерці кардынала Анджэла Амата
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец адзначыў глыбокую тэалагічную падрыхтоўку і святарскі дух памерлага іерарха, які шмат гадоў служыў Апостальскай Сталіцы. Ён выказаў удзячнасць Богу за "будуючае сведчанне гэтага духоўнага сына святога Яна Боска".
"Я спадзяюся, што ў суправаджэнні Марыі Дапаможніцы і святых і благаслаўлёных, прыведзеных ім да хвалы алтароў, ён будзе прыняты на нябесную вечную гасціну", - напісаў Папа.
Кардынал Анджэла Амата служыў у Дыкастэрыі веравучэння і быў прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Францішак падкрэсліў, што нават у апошні перыяд, адзначаны пакутамі, іерарх даверыўся дабрыні Нябеснага Айца, верны свайму дэвізу Sufficit gratia mea (Дастаткова Маёй ласкі).
Пантыфік выказаў спачуванне салезіянскай супольнасці і сваякам памерлага кардынала, запэўніўшы ў малітве за душу "гэтага добрага і пільнага слугі". У заканчэнні тэлеграмы Святы Айцец удзяліў сваё благаслаўленне ўсім, хто падзяляе смутак з нагоды адыходу кардынала Амата ў вечнасць.