Святы Айцец: добры настаўнік – чалавек надзеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў трох буйных арганізацый: Італьянскай асацыяцыі настаўнікаў-католікаў, Італьянскага аб’яднання настаўнікаў, дырэктароў, выхавацеляў і педагогаў, а таксама Асацыяцыі бацькоў навучэнцаў каталіцкіх школ.
Францішак заўважыў, што Божае Нараджэнне паказвае “педагічны стыль Бога”, якім з’яўляюцца блізкасць, спагада і ласкавасць. “Як настаўнік уваходзіць у свет сваіх вучняў, так Бог вырашае пасяліцца сярод людзей, каб вучыць іх праз мову жыцця і любові”, - сказаў ён.
Пантыфік нагадаў, што Езус нарадзіўся ў бедных і простых умовах. Гэта заахвочвае да педагогікі, якая цэніць самае істотнае і ставіць у цэнтр сціпласць, бескарыслівасць і адкрытасць.
“Божае Нараджэнне вучыць нас таму, што веліч праяўляецца не ў поспехах ці багаццях, а ў любові і служэнні іншым”, - дадаў Святы Айцец, выказваючы пажаданне, каб сістэма адукацыі была ўважлівай да найбольш неабароненых груп грамадства. Папа таксама адзначыў важнасць дыялогу ў сям’і, які дапамагае людзям расці.
На думку Францішка, добры настаўнік – гэта чалавек надзеі. “Яго надзея не наіўная, яна ўкаранёная ў рэальнасці, падтрыманая перакананнем, што кожнае выхаваўчае намаганне мае каштоўнасць і што кожны чалавек мае годнасць і пакліканне, якія вартыя таго, каб іх развіваць. Мне балюча, калі я бачу дзяцей, якія не атрымліваюць адукацыю, а вымушаныя працаваць, часта падвяргаючыся эксплуатацыі, або шукаць ежу ці прадметы для продажу ў смеццевых кучах,” - прызнаўся Пантыфік.
Папа заахвоціў педагогаў не губляць надзеі, трымаючы погляд на Езусе, і напаўняць надзеяй іншых. “Адчуйце сябе пакліканымі распрацаваць і перадаваць новую культуру, заснаваную на сустрэчы паміж пакаленнямі, на інклюзіўнасці, на распазнаванні таго, што праўдзівае, добрае і прыгожае; культуру адказнасці, як асабістай, так і калектыўнай, каб адказаць на глабальныя выклікі, такія як экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя крызісы, а таксама на вялікі выклік міру”, - сказаў ён, заклікаючы закладаць у школе асновы больш справядлівага і братэрскага свету. Ён адзначыў важнасць добрых адносін паміж настаўнікамі і вучнямі, а таксама заахвоціў працаваць над выкараненнем булізму і памятаць, што сучаснасць школы – гэта будучыня грамадства.