Пантыфік: хрысціяне – як аскепкі, пакліканыя вярнуцца да адзінства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
6 лютага 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Доме святога Марты ў Ватыкане дэлегацыю маладых святароў і манахаў Армянскай, Копцкай, Эфіопскай, Эрытрэйскай, Маланкарскай і Сірыйскай Праваслаўных Цэркваў, якія прымаюць удзел у семінары, арганізаваным Дыкастэрыяй спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Францішак заўважыў, што візіт мае “асаблівае значэнне” з прычыны святкавання сёлета 1700-годззя Нікейскага Сабора, першага экуменічнага Сабора, на якім быў прыняты Сімвал веры, агульны для ўсіх хрысціян. “Я хацеў бы паразважаць з вамі над трыма значэннямі паняцця Сімвал, які мае выразнае экуменічнае вымярэнне”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што ў тэалагічным сэнсе Сімвал выражае гармонію галоўных праўдаў хрысціянскай веры, а ў эклезіялагічным – аб’ядноўвае не толькі праўды веры, але таксама і вернікаў.
“У старажытнасці грэчаскае слова symbolon азначала палавінку пліткі, разламанай на дзве часткі, якую паказвалі ў якасці знаку распазнання. Таму Сімвал – гэта знак прызнання і еднасці паміж вернікамі. Кожны чалавек мае веру як “сімвал”, які набывае сваю паўнату толькі разам з іншымі. Таму мы патрабуем адзін аднаго, каб вызнаваць веру, і менавіта таму ў Нікейскім сімвале, у яго першапачатковай версіі, выкарыстоўваецца множны лік: “Верым”. Працягваючы роздум над гэтым вобразам, я бы сказаў, што хрысціяне, якія ўсё яшчэ падзелены, падобны на “аскепкі”, якія павінны вярнуцца да адзінства ў вызнанні адзінай веры”, - сказаў Францішак.
Гаворачы пра духоўнае значэнне Сімвала веры, Папа заклікаў памятаць, што гэта, у першую чаргу малітва, якая злучае нас з Богам. “Яднанне з Богам абавязкова праходзіць праз адзінства паміж намі, хрысціянамі, якія абвяшчаюць адну і тую ж веру. Калі д’ябал раздзяляе, то Сімвал веры аб’ядноўвае. Як цудоўна было б, калі б кожны раз, прамаўляючы Сімвал веры, мы адчувалі сябе з’яднанымі з хрысціянамі ўсіх традыцый. Абвяшчэнне агульнай веры, па сутнасці, патрабуе ў першую чаргу, любові адзін да аднаго, да чаго заклікае нас усходняя традыцыя перад прамаўленнем Сімвала веры: “Узлюбім адзін аднаго, каб у адзінстве духа вызнаваць веру ў Айца, і Сына, і Духа Святога”, - нагадаў Святы Айцец.