Анёл Панскі: у цяжкія часы неабходна цярплівасць Пана
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Прыпавесць, да якой мы звяртаемся ў сённяшнім Евангеллі, распавядае нам пра цярплівасць Бога, які заклікае нас ператварыць наша жыццё ў час навяртання. Езус выкарыстоўвае вобраз неўраджайнай смакоўніцы, якая не прынесла чаканых пладоў, але селянін усё ж не жадае ссякаць яе: ён хоча ўгнаіць яе, каб паглядзець, ці “прынясе плод у будучым” (Лк 13:9). Гэты цярплівы селянін – Пан, які старанна рыхтуе глебу нашага жыцця і з даверам чакае нашага вяртання да Яго”, - напісаў Святы Айцец.
“За доўгі час майго знаходжання ў шпіталі я меў магчымасць адчуць цярплівасць Пана, якую я бачу таксама ў нястомным клопаце ўрачоў і медыцынскіх работнікаў, а таксама ў надзеі і адданасці сваякоў хворых. Гэтая цярплівая надзея, заснаваная на Божай любові, якая ніколі не слабее, сапраўды патрэбная ў нашым жыцці, асабліва для пераадолення самых складаных і балючых сітуацый”, - падкрэсліў Францішак.
“Мяне засмуціла аднаўленне жорсткіх ізраільскіх бамбардзіровак у Сектары Газа, якое прывяло да шматлікіх смерцяў і раненняў. Заклікаю, каб неадкладна замаўчала зброя, каб хапіла мужнасці аднавіць дыялог, вызваліць усіх закладнікаў і дасягнуць канчатковага спынення агню. Гуманітарная сітуацыя ў Газе зноў вельмі сур'ёзная і патрабуе тэрміновых дзеянняў з боку ўдзельнікаў канфлікту і міжнароднай супольнасці”, - заклікаў Пантыфік.
“Я рады, што Арменія і Азербайджан узгаднілі канчатковы тэкст мірнага пагаднення. Спадзяюся, што яно будзе падпісана як мага хутчэй і дапаможа ўсталяваць трывалы мір на Паўднёвым Каўказе”, - напісаў Папа.
“З вялікай цярплівасцю і настойлівасцю вы працягваеце маліцца за мяне: я вельмі вам удзячны! Я таксама малюся за вас. Разам мы просім аб спыненні войнаў і надыходзе міру, асабліва ў змучанай Украіне, Палесціне, Ізраілі, Ліване, М’янме, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”, - нагадаў Святы Айцец.
“Няхай Панна Марыя захоўвае нас і працягвае суправаджаць нас на шляху да Вялікадня”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Францішак.