Папа вітае вернікаў з балкона "Джэмэлі" Папа вітае вернікаў з балкона "Джэмэлі"  (ANSA)

Францішак працягвае лячэнне ў Ватыкане

Па вяртанні ў Дом Святой Марты Папа працягвае медыкаментозную тэрапію, а таксама дыхальную і рухальную фізіятэрапію. На дадзены момант ён не прымае наведвальнікаў. Не прыняты рашэнні адносна праграмы яго дзейнасці ў бліжэйшыя тыдні.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выздараўленне Пантыфіка, якое па словах медыкаў, павінна доўжыцца два месяцы, працягваецца яго ватыканскай рэзідэнцыі. Ён працягвае лекавую тэрапію, а таксама рухальную і рэспіраторную фізіятэрапію. Апошняя неабходна ў першую чаргу для аднаўлення голасу. Акрамя таго, Папа маліўся і канцэлебраваў Імшу ў капліцы Дома Святой Марты. Аб гэтым 25 сакавіка 2025 года паведаміла Зала Друку Святога Пасада на брыфінгу для акрэдытаваных журналістаў.

Тэрапія, фізіятэрапія, аксігенацыя

У суботу, 22 сакавіка 2025 года, доктар Серджа Альф'еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук, і доктар Луіджы Карбонэ, намеснік дырэктара Дырэкцыі аховы здароўя і гігіены Ватыкана, далі рэкамендацыі для рэабілітацыі Святога Айца. Папа будзе працягваць фармакалагічную тэрапію “яшчэ доўга, у тым ліку ўнутрана”, а таксама рухавую і дыхальную фізіятэрапію у поўным аб'ёме, як і падчас шпіталізацыі ў “Джэмэлі”. Яму рэкамендавана пазбягаць сустрэч, як індывідуальных, так і групавых. Створаны ўмовы для аказання яму кругласутачнай дапамогі, у выпадку неабходнасці падключэння кіслароду ці іншых надзвычайных сітуацый.

Медыцынская каманда заўсёды знаходзіцца побач з Папам. Падача кіслароду працягваецца ў той жа форме, як паведамлялася ў апошнія дні шпіталізацыі: ноччу высокапаточная аксігенацыя праз насавыя канюлі, удзень падача кіслароду працягваецца, але з паступовым скарачэннем.

Імша і працоўная дзейнасць

Паведамляецца, што Францішак канцэлебраваў святую Імшу ў маленькай капліцы на другім паверсе Дома Святой Марты. Ён таксама працягвае сваю працоўную дзейнасць у тым жа фармаце, пра які паведамлялася ў апошнія дні.

Сёння ж стала вядома пра прызначэнне Папам Апостальскага нунцыя ў Беларусі, мансеньёра Іньяцыа Чэфаліа, і абаронцы сапраўднасці сужэнства ў Трыбунале Рымскай Роты, мансеньёра Франчэска Ібы.

Пакуль няма дакладных указанняў адносна праграмы ў бліжэйшыя дні, не кажучы ўжо пра праграму юбілейных святкаванняў ці абрадаў Вялікага тыдня. Некаторыя рашэнні будуць прынятыя пасля ацэнкі стану здароўя Папы на наступным тыдні, - патлумачыла Зала Друку.

Папа не прымае наведвальнікаў

У сераду, 26 сакавіка, будзе распаўсюджаны тэкст катэхезы, падрыхтаванай для агульнай аўдыенцыі. Тое ж самае, верагодна, адбудзецца і ў наступную нядзелю з малітвай “Анёл Панскі”, але па гэтым пытанні чакаецца пацвярджэнне.

На дадзены момант Францішак не прымае наведвальнікаў. У гэтыя два дні ён сустрэўся толькі са сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі. Што тычыцца запланаваных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, ніякіх прагнозаў пакуль што няма.

25 сакавіка 2025, 15:12