Імунолаг: гісторыя выздараўлення Папы вучыць нас не здавацца
Марыя Валодзіна - Vatican News
88-гадовы пацыент з папярэднімі захворваннямі лёгкіх і хранічнай дыхальнай недастатковасцю, у якога выяўлена полімікробная вірусная інфекцыя, што прывяла да двухбаковай пнеўманіі, мае зусім неспрыяльны прагноз. Але дзякуючы правільным рашэнням і прафесіяналізму медыцынскага персаналу, яго стан значна палепшыўся, - адзначыў прафесар Рэмуцы, дырэктар італьянскага Інстытута фармакалагічных даследаванняў Марыё Нэгры, у інтэрв’ю газеце Avvenire.
Клінічная і чалавечая гісторыя пацыента Францішка можа многаму нас навучыць, лічыць эксперт. На яго думку, асаблівую ролю адыграў цудоўны медперсанал. Медыкі прынялі “бездакорнае” рашэнне на карысць высокапаточнага забеспячэння кіслародам. Гэта інавацыйны метад лячэння, якога “не было ўсяго пяць гадоў таму”. Раней пацыентаў з дыхальнай недастатковасцю інтубавалі, а затым падключалі да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Такі метад, безумоўна, павялічвае забеспячэнне кіслародам, але часта вядзе да ўскладненняў: многія адвыкаюць дыхаць без апарата.
Эксперт падкрэсліў фундаментальную ролю медперсаналу. “Хворыя здаравеюць, таму што ў іх добрыя ўрачы, але, перш за ўсё, вельмі добрыя медбраты і медсёстры”, - сказаў прафесар Рэмуцы, дадаючы, што Папа атрымаў увесь неабходны догляд: увагу да вен, пролежняў, становішча, руху, харчавання, гідратацыі... “Гэта важныя дэталі, і гэта робіць медперсанал”, - падкрэсліў ён.
На думку імунолага, Францішак атрымаў аптымальнае лячэнне ў “Джэмэлі”. У пацыентаў з такім далікатным здароўем існуе высокая рызыка развіцця сэпсісу, інфекцыя можа трапіць у кроў, а адтуль у сэрца.
Рэмуцы назваў тэрапію Папы “ўзорнай”, таму што ўрачы “пазбеглі двух класічных рызык”. Першая – рызыка лячэння "знакамітага пацыента", якое, як гэта ні парадаксальна гучыць, часта ідзе горш, чым лячэнне "звычайных" хворых. Гэта звязана з тым, што вакол пацыента збіраецца шмат медыкаў, і кожны прапануе свае стратэгіі і лекі.
Другая рызыка, якой удалося пазбегнуць, - гэта празмерная колькасць розных спецыялістаў: вакол пацыента чаргуецца шмат урачоў, ад кардыёлага да пульманолага і нефролага, і кожны клапоціцца пра асобны орган, але жыццёва важна, каб быў адзін прафесіянал, які б сказаў: "Гэты пацыент мой" і ўзяў на сябе поўную адказнасць. “Я заўсёды быў у гэтым перакананы, і гісторыя хваробы Францішка даказвае гэта”, - сказаў прафесар Рэмуцы.
Вяртанне Папы ў Дом Святой Марты, на думку спецыяліста, станоўча адаб’ецца на яго здароўі. “У шпіталі трэба заставацца як мага менш. Шпіталь неабходны, каб вярнуць чалавека да жыцця, але вяртанне дадому заўсёды мае вырашальнае значэнне”, - сказаў ён. Хатняя абстаноўка, знаёмае атачэнне і догляд знаёмых людзей, манахінь, медыкаў, будуць спрыяць далейшаму паляпшэнню.
Францішак яшчэ не выздаравеў і яго стан застаецца сур'ёзным, але цалкам верагодна, што ён працягне папраўляцца, бо вяртанне дадому значна палепшыць яго псіхалагічны стан. Нядзіўна, што ён сказаў "Я вельмі задаволены". Гэта сведчыць аб тым, што Папа — чалавек, які, як і ўсе людзі, адчувае пэўныя эмоцыі, калі пакідае шпіталь, - падкрэсліў медык.
Прафесар Рэмуцы адзначыў, што Папа, нягледзячы на фізічныя абмежаванні, застаецца актыўным і гатовы працягваць сваю місію. Ён прывёў у прыклад Рузвельта, які кіраваў ЗША ў інвалідным вазку, таму што “прэзідэнт працуе галавой, а не нагамі”. “Папа захаваў свой ранейшы інтэлект. Магчыма, не атрымаецца адправіцца ў падарожжы, і трэба быць вельмі асцярожнымі ў сустрэчах з людзьмі, але я цвёрда веру, што для хворых самае галоўнае, каб яны рабілі тое, што яны жадаюць, нават коштам дадатковых рызык. Калі Папа пажадае сустракацца з людзьмі, важна, каб ён гэта рабіў, нават насуперак парадам медыкаў”, - сказаў эксперт, патлумачыўшы, што гэта дапаможа яму пазбегнуць дэпрэсіі, якая можа замарудзіць выздараўленне.
Гісторыя хваробы Папы нагадвае нам аб тым, што ніколі, нават у самых складаных сітуацыях, нельга здавацца. “Гэта самы вялікі ўрок для нас і суцяшэнне для многіх хворых”, - падагульніў Рэмуцы.