Помнік Яна Паўла ІІ ля шпіталя "Джэмэлі" Помнік Яна Паўла ІІ ля шпіталя "Джэмэлі"  (AFP or licensors)

Папа Францішак: стан стабільны, паляпшэнне дыхання

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Залай Друку Святога Пасада 21 сакавіка 2025 года, стан здароўя Папы застаецца стабільным, назіраюцца невялікія паляпшэнні ў дыханні і здольнасці да руху. Ён паступова адмаўляецца ад кіслароднай тэрапіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Важным паказчыкам паляпшэння стану здароўя Францішка з'яўляецца змяненне рэжыму кіслароднай тэрапіі. Ноччу Святы Айцец ужо не выкарыстоўвае механічную вентыляцыю з маскай, ён перайшоў на высокапаточную аксігенацыю праз назальныя канюлі. Днём патрэба ў высокапаточнай тэрапіі таксама паступова зніжаецца.

Нягледзячы на пазітыўную дынаміку, медыкі пакуль не даюць канкрэтных прагнозаў адносна даты выпіскі Святога Айца з шпіталя “Джэмэлі”. Гэта сведчыць пра асцярожны падыход да ацэнкі стану здароўя Пантыфіка і жаданне забяспечыць яму поўнае аднаўленне.

Дні Францішка ў шпіталі праходзяць у спалучэнні тэрапіі, малітвы і некаторай працоўнай дзейнасці. Зала Друку таксама паведаміла, што Пантыфік не прымаў наведвальнікаў.

На дадзены момант плануецца, што нядзельная малітва "Анёл Панскі" адбудзецца ў тым жа фармаце, што і ў папярэднія нядзелі. Аднак Зала Друку гатовая прадставіць абноўленую інфармацыю заўтра, калі ўзнікнуць якія-небудзь змены.

Наступны медыцынскі бюлетэнь чакаецца не раней за панядзелак 24 сакавіка 2025 года.
 

21 сакавіка 2025, 19:56