Францішак пакідае "Джэмэлі": наперадзе доўгая рэабілітацыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Медыкі рымскай клінікі "Джэмэлі" паведамілі аб выпісцы Францішка, якая адбудзецца ў нядзелю, 23 сакавіка 2025 года. Гэтая навіна была агучана падчас прэс-канферэнцыі, якую правялі доктар Серджа Альф'еры, кіраўнік Дэпартамента медыцынскіх і хірургічных навук, і доктар Луіджы Карбонэ, намеснік дырэктара Дырэкцыі аховы здароўя і гігіены Ватыкана.
"Добрая навіна, якую, я думаю, чакае ўвесь свет, заключаецца ў тым, што заўтра Святы Айцец будзе выпісаны і вернецца ў Дом Святой Марты", - паведаміў доктар Альф'еры.
Цяжкая хвароба і небяспечныя моманты
Пантыфік быў шпіталізаваны 14 лютага 2025 года з вострай дыхальнай недастатковасцю, выкліканай полімікробнай інфекцыяй.
Медыкі адзначылі, што падчас лячэння Святы Айцец перанёс два "вельмі крытычныя" эпізоды, калі яго жыццю пагражала небяспека. Аднак дзякуючы комплекснай тэрапіі, уключаючы кіслародную падтрымку і неінвазіўную вентыляцыю лёгкіх, стан яго здароўя паступова паляпшаўся.
"Святы Айцец ніколі не быў інтубаваны і заўсёды заставаўся ў свядомасці, захоўваючы яснасць розуму і прысутнасць духу", - падкрэсліў доктар Альф'еры.
Доўгі шлях да поўнага аднаўлення
Выпіска адбудзецца ў стабільным клінічным стане, які назіраецца ўжо на працягу двух тыдняў. Медыкі рэкамендавалі Францішку працягваць частковую медыкаментозную тэрапію і захоўваць рэжым рэабілітацыі на працягу як мінімум двух месяцаў.
Доктар Карбонэ адзначыў, што ў Доме Святой Марты створаны ўсе неабходныя ўмовы для далейшай рэабілітацыі Пантыфіка, уключаючы забеспячэнне кіслародам і медыцынскай дапамогай.
"Папа ўжо некалькі дзён пытаўся: калі я вярнуся дадому?"
Абодва ўрачы падкрэслілі, што рашэнне аб выпісцы было прынята імі, але Папа Францішак ужо даўно спадзяваўся на гэта. "Ён пытаўся ўжо 3-4 дні таму: калі я вярнуся дадому?" - паведаміў доктар Карбонэ. "Зразумела, што Святы Айцец мог бы вярнуцца дадому ўжо некалькі дзён таму, калі адчуў паляпшэнне, стаў лепш дыхаць і больш працаваць", - дадаў ён.
Доктар Альф'еры адзначыў, што Францішак быў "узорным пацыентам" і "ўмеў прыслухоўвацца да парад усіх". Медыкі, сярод якіх былі вядомыя інфекцыяністы і дыябетолагі, вырашылі, што "гэта быў правільны момант, каб не трымаць яго даўжэй у шпіталі", паколькі "далейшы прагрэс адбываецца дома". "Шпіталь, як бы дзіўна гэта ні гучала, - горшае месца для рэабілітацыі, бо там можна падхапіць больш інфекцый", - растлумачыў урач.
Часовыя цяжкасці з голасам
Адказваючы на пытанні журналістаў, медыкі таксама закранулі тэму голасу Папы, пра праблемы з якім паведамлялася раней.
"Калі ў чалавека двухбаковая пнеўманія, лёгкія пашкоджаныя, а дыхальныя мышцы таксама знаходзяцца ў цяжкім стане, растлумачыў доктар Альф'еры. - Адным з першых наступстваў з'яўляецца часовая страта голасу. Гэта падобна да таго, як калі б чалавек доўга крычаў ці размаўляў занадта гучна".
Урач дадаў, што для поўнага аднаўлення голасу спатрэбіцца пэўны час, аднак ужо зараз назіраецца значнае паляпшэнне ў параўнанні з папярэдняй сітуацыяй.
Добры настрой і планы на будучыню
Нягледзячы на цяжкасці, Францішак захаваў свой характэрны добры настрой. "Зразумела, што калі ён быў вельмі хворы, было цяжка захоўваць добры настрой", - адзначыў доктар Альф'еры. "Аднойчы раніцай, калі мы, як заўсёды, прыйшлі праслухаць яго лёгкія пасля цяжкага перыяду, мы спыталі: "Святы Айцец, як вы сябе адчуваеце?". Калі ён адказаў: "Я яшчэ жывы", мы зразумелі, што ён сапраўды адчувае сябе лепш і зноў набыў добры настрой".
Што датычыцца бліжэйшых планаў, Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Святога Пасада, пацвердзіў, што заўтра (23 сакавіка 2025 года) адбудзецца абвешчанае з'яўленне Папы ў акне шпіталя "Джэмэлі", пасля чаго ён адразу вернецца ў Дом Святой Марты. Дакладныя дэталі гэтага вяртання не былі агучаны.
Пакуль што няма інфармацыі пра ўдзел Папы ў абрадах Вялікага тыдня, запланаваную на 8 красавіка 2025 года сустрэчу з каралём Карлам III (пра якую паведаміў Букінгемскі палац), ці доўгачаканую паездку ў Нікею з нагоды 1700-годдзя Нікейскага сабора. Усё гэта будзе вырашацца пазней, у залежнасці ад стану здароўя Пантыфіка.
Малітвы і падтрымка з усяго свету
Навіна аб хуткай выпісцы Францішка выклікала шырокі рэзананс сярод журналістаў і вернікаў ва ўсім свеце, якія на працягу амаль 40 дзён з трывогай сачылі за станам здароўя Папы і маліліся за яго хуткае выздараўленне.