Зачыненыя вокны Апостальскага палацу Зачыненыя вокны Апостальскага палацу  (AFP or licensors)

Пантыфік: хвароба не можа адлучыць нас ад любові і малітвы

Нашы целы слабыя, але ніхто не можа перашкодзіць нам любіць, - падкрэсліў Папа ў разважанні, падрыхтаваным у шпіталі “Джэмэлі”, дзе знаходзіцца ўжо больш за месяц. Яно было абнародавана 16 сакавіка 2025 года з нагоды нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння, у другую нядзелю Вялікага посту, Евангелле распавядае нам пра Перамяненне Езуса (Лк 9, 28-36). Узышоўшы на вяршыню гары разам з Пятром, Якубам і Янам, Езус занурыўся ў малітву і стаў выпраменьваць святло. Так Ён паказвае вучням тое, што схавана за жэстамі, якія Ён здзяйсняе сярод іх: святло Яго бясконцай любові”, - напісаў Папа.

“Я дзялюся з вамі гэтымі думкамі, калі перажываю час выпрабаванняў і далучаюся да шматлікіх хворых братоў і сясцёр, такіх жа нямоглых, як і я. Нашы целы слабыя, але, нягледзячы на гэта, нішто не можа перашкодзіць нам любіць, маліцца, ахвяроўваць сябе, каб жыць з верай адно для аднаго, будучы ззяючымі знакамі надзеі. Колькі святла ззяе ў гэтым сэнсе ў бальніцах і месцах, дзе даглядаюць хворых! Колькі любячага клопату асвятляе палаты, калідоры, клінікі, месцы, дзе здзяйсняюцца самыя сціплыя паслугі! Таму сёння я хачу запрасіць вас разам са мной праславіць Пана, Які ніколі не пакідае нас і Які ў часы смутку ставіць побач з намі людзей, якія адлюстроўваюць прамень Ягонай любові”, - заахвоціў Святы Айцец.

“Дзякую вам усім за малітвы і тым, хто дапамагае мне з вялікай адданасцю. Я ведаю, што многія дзеці моляцца за мяне; некаторыя з іх прыйшлі сёння сюды, у “Джэмэлі”, на знак блізкасці. Дзякуй вам, дарагія дзеці! Папа любіць вас і заўсёды чакае сустрэчы з вамі”, - запэўніў Францішак.

“Давайце працягваць маліцца за мір, асабліва ў краінах, параненых вайной: у змучанай Украіне, у Палесціне, Ізраілі, Ліване, М’янме, Судане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”, - заклікаў Папа.

“І давайце памолімся за Касцёл, пакліканы ператварыць у канкрэтныя рашэнні разважанні, зробленыя падчас нядаўняй Сінадальнай асамблеі. Я дзякую Генеральнаму сакратарыяту Сінода, які на працягу наступных трох гадоў будзе суправаджаць мясцовыя Касцёлы ў гэтай справе. Няхай Дзева Марыя абароніць нас і дапаможа нам быць, падобна Ёй, носьбітамі Хрыстовага святла і міру”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Святы Айцец.
 

16 сакавіка 2025, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >