Пілігрымы на Плошчы Святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Пілігрымы на Плошчы Святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота  (vincenzo livieri)

Папа: прайсці праз Святую Браму, каб расці ў веры і любові

Любоў дазваляе ўзрастаць разам, - нагадаў Святы Айцец у пасланні, скіраваным 22 сакавіка 2025 года да ўдзельнікаў Юбілейнай пілігрымкі ў Рым з Неапальскай архідыяцэзіі і некаторых іншых дыяцэзій Італіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вітаю вас і вашых біскупаў з нагоды дыяцэзіяльных юбілейных пілігрымак, якія вы здзяйсняеце. У іх выяўляецца адзінства, што збірае вас як супольнасць вакол вашых пастыраў і Біскупа Рыма, а таксама гатоўнасць прыняць заклік Езуса ўвайсці “праз вузкую браму”, - напісаў Папа.

“Любоў – такая: яна яднае і дазваляе ўзрастаць разам. Таму, хоць і рознымі шляхамі, яна прывяла вас усіх сюды, да магілы Пятра, адкуль вы зможаце вырушыць больш моцнымі ў веры і больш з’яднанымі ў любові”, - дадаў у сваім пасланні Францішак.

У Юбілейнай пілігрымцы бяруць удзел каля 12 тысяч чалавек з розных частак Неапальскай архідыяцэзіі, а таксама з некаторых іншых дыяцэзій Італіі. Кульмінацыяй падзеі стаў праход вернікаў праз Святую Браму ватыканскай базылікі і святая Імша, якую цэлебраваў кардынал Даменіка Баталья, арцыбіскуп Неапаля. Кароткае пасланне Святога Айца было зачытана падчас літургіі.

“У гэтыя дні я вельмі адчуваў вашу блізкасць, асабліва праз малітву, якой вы мяне суправаджаеце. Таму, нават калі я не магу быць сярод вас фізічна, я выказваю сваю вялікую радасць ад разумення таго, што вы з’яднаныя са мной і паміж сабой у Пану Езусе, як Касцёл”, - падкрэсліў Пантыфік, запэўніваючы духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў у сваёй малітве і заклікаючы іх працягваць маліцца за яго.
 

22 сакавіка 2025, 10:01