Мансеньёр Іньяцыа Чэфаліа Мансеньёр Іньяцыа Чэфаліа 

Святы Айцец прызначыў нунцыя ў Беларусі

25 сакавіка 2025 года Святы Айцец прызначыў Апостальскага нунцыя ў Беларусі. Ім стаў 49-гадовы мансеньёр Іньяцыа Чэфаліа з Італіі. Папа надаў яму таксама годнасць арцыбіскупа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новапрызначаны прадстаўнік Францішка ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма 28 красавіка 1975 года. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў інкардынаваны ў епархію П'яна-дэльі-Альбанэзі. Мае ступень доктара кананічнага права. На дыпламатычнай службе Святога Пасада з 1 ліпеня 2006 года.

Нёс служэнне ў Апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайландзе, Пастаяннай місіі пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята і да апошняга часу – у якасці дарадчыка нунцыятуры ў Венесуэле. Валодае італьянскай, албанскай, французскай, англійскай, іспанскай мовамі.

Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпламатычным прадстаўніком Папы ў Грузіі і Арменіі.
 

25 сакавіка 2025, 12:40