Пошук

Наколькі Беларусь рэлігійная?

У Беларусі цягам мінулай дэкады знізілася колькасць тых, хто лічыць сябе веруючымі і лічыць Бога важным у сваім жыцці. Узрасла колькасць атэістаў, хоць і нязначна. Выглядае на тое, што ў Беларусі на месца рэлігійнай павярхоўнасці прыходзіць, з аднаго боку, глыбокая рэлігійнасці, а з другога боку – атэістычная опцыя. Змяншаецца колькасць намінальна веруючых, але ўзрастае колькасць тых, хто верыць у Бога на глыбокім узроўні.

На месца павярхоўнай рэлігійнасці прыходзіць асэнсаваная, больш паслядоўная пазіцыя. Так, доўгі час колькасць намінальна веруючых расла, але ці гэта азначала, што расла колькасць рэальна веруючых? Хутчэй за ўсё, не. Рост колькасці веруючых быў, хутчэй звязаны з тэндэнцыяй “быць як усе” або “быць як большасць”. Большасць ахрышчаная, большасць залічвае сябе да адной з дзвюх вялікіх канфесій, дык чаму я буду выдзяляцца?

Гэты трэнд, гэтая ментальнасць цягам мінулай дэкады пачала змяняцца на карысць больш асэнсаванай, больш паслядоўнай пазіцыі. Частка беларусаў пачала казаць сабе: чаму я мушу быць як усе? Калі я дэ-факта не прызнаю існавання Бога, калі амаль ніколі не наведваю богаслужэнні, то чаму я буду прыкідвацца, што я веру? У выніку наступіў рост атэістаў.

Частка беларусаў сказала сабе інакш: калі я сапраўды веру ў Бога, калі рэлігія сапраўды важная ў маім жыцці, то мне трэба як мага часцей размаўляць з Богам, запрасіць Яго ў сваё штодзённае жыццё. У выніку наступіў рост глыбока веруючых.

Некаторыя даследчыкі схільныя лічыць гэты працэс станоўчым. Паслядоўная і сумленная пазіцыя, на іх думку, лепшая, чым пазіцыя павярхоўная, двухсэнсоўная, непаслядоўная, калі чалавек спрабуе быць і веруючым і няверуючым адначасова.

09 кастрычніка 2024