Уступны падкаст. Анонс тэм
Эфата – значыць адкрыйся. Гэтае слова Езус прамовіў да глуханямога з Евангелля паводле святога Марка. Яно стала назвай падкаста, прысвечанага розным формам узаемадзеяння Касцёла са светам – светам палітыкі, культуры, навукі, рознага роду каштоўнасных трэндаў. Часткова гаворка ідзе пра Касцёл як інстытут, але таксама, можа быць, нават у большай ступені – пра нас, хрысціян-католікаў.
У кожнага з нас ёсць шэраг пытанняў наконт таго, як, напрыклад, сумяшчаць рэлігію і навуковы светапогляд, як быць з фактам, што некаторыя каталіцкія духоўнікі злоўжывалі дзецьмі, як быць з тэмай абортаў, або з стаўленнем Касцёла да грамадска-палітычных праблем... Гэтыя тэмы ўсплываюць на працы, у сем’ях, у сацыяльных сетках і ў розных сітуацыях, і ўзнікае пытанне, як – разумна і з захаваннем сваёй каталіцкай тоеснасці – абмяркоўваць такія тэмы, як іх асэнсаваць. Падкаст Эфата паспрабуе даць адказ на гэтыя пытанні.