“Супярэчнасці” ў Бібліі
Гэты выпуск падкаста Эфата прысвечаны праблеме, якая бянтэжыць многіх вернікаў – праблему супярэчнасцяў у Бібліі. Ці яны ёсць у Святым Пісанні? Так, ёсць. Да прыкладу, у Евангеллі святога Мацвея гаворыцца, што муж Марыі, Юзаф, быў сынам Якуба (гл. Мц 1:16). Тымчасам з Евангелля святога Лукі вынікае, што Юзаф быў сынам Іллі (гл. Лк 3:23). Іншы прыклад: што зрабіў Іуда Іскарыёт за тыя трыццаць срэбнікаў, якія ён атрымаў за выданне Езуса. Водле Евангелля Мацвея, Іуда кінуў срэбнікі ў святыні, пасля чаго пайшоў і павесіўся (гл. Мц 27:5). Водле Дзеяў Апосталаў Іуда за гэтыя срэбнікі набыў зямлю (Дзеі 1: 18). Падобных нестыковак можна знайсці і болей.
Для апанентаў хрысціянства такія нестыкоўкі – сведчанне ненадзейнасці біблійнага тэксту, немагчымасці таго, каб ён быў боганатхнёным. Веруючыя ж рэагуюць па-рознаму. Адны спрабуюць любой цаной даводзіць, што супярэчнасці няма, што яны паўсталі ў выніку кепскага перакладу або іншага тыпу непаразуменняў. Іншыя ж расчароўваюцца і хоць не адыходзяць ад веры, але пачынаюць дыстанцавацца ад Бібліі, радзей яе чытаюць і не зусім разумеюць, як да гэтага ўсяго ставіцца.
На думку аўтара, няма падстаў расчароўвацца такімі нестыкоўкамі. Тэксты могуць мець духоўнае значэнне незалежна ад іх інфармацыйнай вартасці. Святое Пісанне ёсць каштоўным не па прычыне сваёй інфармацыйнай насычанасці або лагічнай паслядоўнасці, а таму, што выражае ўзаемныя пошукі Бога і чалавека. Яно з’яўляецца таксама сродкам паглыблення духоўнай лучнасці паміж Богам і чалавекам, а таксама паміж самімі людзьмі.