Аборт як нявыбар. Галасы жанчын
У рамках перадачы “Эфата” працягваецца абмеркаванне тэмы абортаў і цесна звязанай з ёй тэмы правоў жанчын.
11-12 красавіка 2024 года ў парламенце Польшчы прайшла дыскусія адносна так званага права на аборт. Польшча з’яўляецца адной з нямногіх краін ЕС, дзе існуе заканадаўчая забарона абортаў за выключэннем сітуацый, калі ёсць пагроза для жыцця або здароўя жанчыны або калі зачацце адбылося ў выніку гвалту. Некаторыя з законапраектаў, якія абмяркоўваліся на мінулым тыдні, прадугледжваюць магчымасць аборту да 12-га тыдня цяжарнасці.
Аўтар дзеліцца ўражаннямі ад выступу адной жанчыны, Карыны, якая ў кастрычніку 2023 года была выбрана дэпутатам ў польскі Сейм і была тады на восьмым ці нават дзявятым месяцы цяжарнасці. Яна раскрытыкавала лозунг Маё цела – мой выбар як спосаб перакладання адказнасці на жанчыну, таму што гэты лозунг змяшчае ў сабе падспудны пасыл: Тваё цела – твая праблема.
Дэпутат падкрэсліла, што легалізацыя абортаў часта абслугоўвае інтарэсы пэўнага тыпу мужчын, якія пазбягаюць абавязацельстваў і адказнасці. “Гэта не яны будуць хадзіць у абартыўную клініку, гэта не яны будуць жыць у пачуцці віны са згрызотамі сумлення, не яны будуць адчуваць боль і сыходзіць крывёй, не яны будуць несці ўсе медыцынскія рызыкі, звязаныя з працэдурай аборту”, - сказала спадарыня Карына. Яе голас – далёка не адасоблены і яе аргументацыя падтрымліваецца многімі іншымі жанчынамі з самых розных палітычных і ідэалагічных абшараў.