“Партнёр Бога”. Грамадска-этычны сэнс запавету Бога і Ізраіля
У гэтым выпуску аўтар разглядае аснову старазапаветнага старазапаветнага вучэння аб уладзе, і не толькі: яно ляжыць у аснове многіх іншых грамадска-этычных тэм. У аснове ўсяго гэтага ляжыць запавет Бога і Ізраіля, або інакш: пагадненне, саюз, кантракт паміж Богам і Ягоным народам.
Гэты запавет, як пагадненне або саюз, з’яўляецца цэнтральным элементам гісторыі ізраільскага народа і яго адносін з Богам. Ізраіль адчуваў сваю ўнікальнасць сярод іншых народаў, быў перакананы, што займае асаблівае месца ў Божым плане збаўлення.
Запавет Бога з Ізраілем складаецца з трох этапаў: з Ноем як прадстаўніком чалавецтва, выратаванага ад патопу, з Аўраамам, прабацькам выбранага народа, і ўласна запавет паміж Богам і Ізраілем на гары Сінай, дзе ізраільскі народ прадстаўляў Маісей.
Запавет паміж Богам і Ізраілем не абмяжоўваецца толькі Дэкалогам. Ён тычыўся таксама ўсяго, што мы б назвалі звычаямі, абрадамі, культавымі рытуаламі, а таксама правіламі гігіены. Рознага роду прадпісанні наконт ахвярапрынашэнняў, адносна спосабу святкавання рэлігійных святаў, наконт святарскага ўбрання, наконт палавой нячыстасці і г.д.
Гэты запавет сведчыць пра пераход да партнёрскіх адносін паміж Богам і чалавекам, дзе кожны з бакоў з’яўляецца суб’ектам. Гэты паварот у напрамку трактавання чалавека як свабоднага і разумнага партнёра Бога ёсць важным момантам у духоўна-рэлігійнай эвалюцыі чалавека, момантам, без якога, магчыма, і не змагла б развіцца сучасная культура дэмакратыі і крытычнага мыслення.