Тэалогія, навука і кубікі LEGO
У папярэдніх выпусках аўтар спыніўся на праблеме тэалогіі – яе навуковасці, яе месцы ў адукацыйных установах, яе даследчыцкім патэнцыяле. Галоўны закід у гэтай справе тычыцца пытання звышнатуральнасці, і гэтае пытанне разглядалася ў мінулых перадачах. У гэтым падкасце ён пераходзіць да другога закіду, які гучыць наступным чынам: тэалогія грунтуецца на спрэчных дапушчэннях. Што гэта значыць?
Маецца на ўвазе наступнае: для таго, каб праводзіць тэалагічныя даследаванні трэба спярша прыняць шэраг палажэнняў, напрыклад, што існуе Бог, што Ён камунікае з людзьмі, што пэўныя тэксты (Біблія) з’яўляюцца Богам натхнёнымі і г.д. — а гэтыя палажэнні спрэчныя, праблематычныя.
Так гучыць гэты закід. Задача аўтара – з ім акуратна разабрацца. Насамперш, ён прапануе выясніць, што такое дапушчэнні, што яны робяць у навуцы і якімі яны павінны быць.